Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць

туристические компании Беларуси с телефонами на сайте
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1905-1907

Сярэдняя: 4.8 (78 галасоў)

А хто там iдзе, а хто там iдзе
У агромнiстай такой грамадзе?
     — Беларусы.
 
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках у крывi, на нагах у лапцях?
     — Сваю крыўду.
 
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
     — На свет цэлы.
 
А хто гэта iх, не адзiн мiльён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?
     — Бяда, гора.
 
А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
     — Людзьмi звацца.



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Невясёлая старонка
      Наша Беларусь:
Людзі – Янка ды Сымонка,
      Птушкі – дрозд ды гусь.
 
Поле – горы ды каменьне,
      Потам зьліта ўсё,
Сенажаць – адно карэньне,
      Сівец ды куп'ё.
 
Родзе шнур несамавіта,
      Колькі б працы ўнёс, –
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
      Зь сьвірэпкай авёс.
 
Небагатыя і вёскі,
      Садоў ў іх не знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
      Як тычкі, стаяць.
 
А па вёсках люд убогі,
      Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
      Зрэб'е сьпіну тне.
 
Цёмны, цёмны народ гэты,
      Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
      Не ўмее чытаць.
 
Зь яго кожны насьмяецца,
      Назаве дурным...
Бедны люд... так бы, здаецца,
      Плакаў разам зь ім.
 
Так няміла, як магілай,
      Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
      Дый люблю ж яе.
 
Я, калі б зь ёй разлучыўся,
      Плакаў з усіх сіл...
Эй, бо дзе воўк урадзіўся,
      Яму куст той міл!
 
Дома голаду дазнаю, –
      З'ем хлеба, вады...
Горай жыці ў чужым краю,
      Болей сьлёз, нуды.
 
Там не знойдзеш братніх сэрцаў,
      Там кожны чужым,
Будзеш жыць з нудой у спрэчцы
      Ды адзін-адным.
 
Песьню родную зацягнеш,
      Хто пачуе, хто?
Там любіць свой край прысягнеш
      Лепей, як жыцьцё.