Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Кацярына Мізерыя

Сярэдняя: 3.3 (8 галасоў)

Дзіўнай казкаю сон кладзецца...
І чароўнае нешта пяе.
Быццам коўдрай, сагрэе сэрца,
Забярэ ўсе нягоды твае.

Дзесьці ціха па свеце крочыць
Ледзь заўважная Мара твая.
Яна прыйдзе аднойчы ноччу,
Можа заўтра... Цішэй удвая.

І ціхенька спяваць на вушка
Калыханку сваю пачне.
Бы дзіцятка, пяшчотна гушкаць...
Ад няшчасцяў усіх захіне.

Будзе ціха спяваць пра вецер
І пра зорку,што вабіць з нябёс,
Што няспынна вядзе па свеце
І малюе прызначаны лёс.

Будзе ціха спяваць пра сонца,
Пра ласкавы праменьчык святла.
Ён здаецца сцяжынкай бясконцай,
Што заўсёды да шчасця вяла.

Будзе ціха спяваць пра зоры,
Што на нас з-пад аблокаў глядзяць.
І на сэрцайку стомленым, хворым,
Бы пярлінкі, імкнуцца заззяць.

Будзе ціха спяваць уночы
Незвычайную песню без слоў.
Сэрца біцца смялей захоча,
Зоркі - Мары народзяцца зноў.



Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)

Кропелька Вясны ў маёй далоні,
Кропелька нябачнага святла.
Сонечны прамень ля самай скроні,
Што яна ледзь чутна прывяла.

Кропелька цяпла ў самым сэрцы,
Што імкнуся свету перадаць.
Каб было зімою, чым сагрэцца,
Каб усмешкай сэрцы саграваць.

Кропелька расы майго юнацтва,
Кропля маладосці ў вачах
З сонейкам духоўнае сваяцтва,
З месяцам халодным па начах.

Кропелька акрыленай Надзеі
І Любові шчырай да жыцця,
Захаплення кожнаю падзеяй,
З даўнімі вытокамі зліцця.

Кропелька бліскучай, як агеньчык,
Казкі, што ў сэрцайку гарыць,
Сонца дзіўнага маленечкі праменьчык,
Што святло імкнецца падарыць.

Сонейка па кропельках збіраю,
Ад вятроў імкнуся прыхаваць.
У душы надзейна захаваю,
Каб аднойчы людзям перадаць.



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Намалюю неба фарбай ярка -сіняй,
Намалюю сонца ярка-залатой.
З роднае крыніцы зноў пазычу сілы,
Горад расфарбую ўсмешкаю сваёй.

Намалюю лета колерам чырвоным,
Колерам сунічным расфарбую свет.
Запяюць званочкі ледзь заўважным звонам,
Застракоча конік у ранішняй траве.

Колерам зялёным красавік малюю,
З кветак яркіх -яркіх веснавы дыван.
(Водарам дзівосным усю зямлю чаруюць....)
Фарбай светла -шэрай - восеньскі туман.

Намалюю белым тонкія аблокі
І празрыстай фарбай цёплыя дажджы.
Намалюю зіму і сняжочак легкі...
Стрэлку намалюю, што хутчэй бяжыць.

Намалюю Шчасце фарбаю дзівоснай -
Фарбай, невядомай нават мастакам.
Намалюю Радасць раніцаю роснай
І малюнак гэты людзям перадам.



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Мовай Коласа, Купалы, Багдановіча
Мовай Цеткі, Сыракомлі, Бурачка
Тут гавораць Полацак, Жыровічы,
Тут спявае Ясельда -рака.

Мовай велічнай Скарыны, Рымшы, Буднага,
Мовай той, што нам Баршчэўскі пакідаў,
Павітае край наш казкай мудраю,
Той, што продак праз стагоддзі перадаў..

Мовай мяккаю Янішчыц - светлай ластаўкі,
Мовай ветлівай Канстанцыі Буйло.
Моваю дзівосна шчырай радасці
Сэрца зноў у шчасці зажыло.

Мовай светлаю Вінцэнта Марцінкевіча,
Мовай Быкава, Лучыны, Марчука.
Векавечнай мовай Караткевіча
Піша зноў дрыжачая рука.

Мовай Куляшова, Броўкі, Панчанкі,
Мовай Барадуліна, Мацяш.
Мовай ціхай ласкі нерастрачанай
Павітае край дзівосны наш.

Мовай роднаю Янкоўскага, Калесніка,
Мовай гучнаю маёй святой зямлі.
Словы родныя - зары маей прадвеснікі,
Промні сонца, што да шчасцейка вялі.