Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Леанід Галубовіч

Нарадзіўся 12 жніўня 1950 года ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы (1967) паступіў у Слуцкае ГПТВ-97. Служыў у радах Савецкай Арміі, працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі і Клецка. З 1977 года працаваў электрыкам у роднай вёсцы Вароніна. У 1987 годзе паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных праграм на БТ, у часопісе «Крыніца». Цяпер працуе ў аддзеле крытыкі ў штотыднёвіку «ЛіМ».

Аўтар паэтычных зборнікаў «Таемнасць агню» (1984), «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» (2000), а таксама кнігі мініяцюраў «Зацемкі з левай кішэні» (1998).

golubovic.jpg


Сярэдняя: 3.9 (40 галасоў)

Адступаюць лясы.
Высыхаюць балоты.
Усё меней красы —
Усё больш адзіноты.

З дбайным сумам глядзяць
Землякі-хлебаробы
На сваю сенажаць,
На свае агароды...

Чалавек — уладар,
Бог прыроды і знаўца,
Толькі ўсё ж гаспадар
Яшчэ дрэнны, прызнацца.

...Мазалі да крыві,
Кроплі вечнага поту...
Трошкі больш бы любві
Нам яшчэ да работы.



Сярэдняя: 2.7 (10 галасоў)

Марнее мой сусед —
Скрозь мала цяглай справы.
Збягае пакрысе
Народ да слоў і славы.

На весніцах вісіць
Зрання ў сваім падворку,
Смыліць яму, карціць
Пачаць хоць з кім гаворку.

Змарнелы конь брыдзе.
Вязе кудысь жанчыну.
«Супоня, глянь, спаўзе!
Папраў, — крычыць, — ляйчыну!»

Падыдзе. Звяне злосць.
Пагляне, як з іконы:
«Ну, конь, які ўжо ёсць.
Хамут бы хоць ягоны...»

Каня перапражэ
З дасведчанасцю справы,
I конік той заржэ
I стане больш рухавы.

I доўга будзе ўслед
Глядзець ён той павозцы,
На той апошні след,
Што пакідае ў вёсцы.



Сярэдняя: 4.1 (14 галасоў)

Дубамі адвечнымі продкі
Надзейна ў Айчыну ўраслі,
I вочы нябожчыцы цёткі
Валошкамі ў полі ўзышлі.

Вясковая вечная повязь
Вяртае жывых з забыцця.
Я — завязь, я — зерне, я — споведзь
Свайго разумення жыцця.

Чаго яшчэ ў свеце не будзе?!
I згаснуць: хто — ноччу, хто — днём
Высокія зоры і людзі,
Сусвет азарыўшы агнём.

I выстаіць стыласцю студзень,
I майскае ўспыхне святло,
Чаго яшчэ толькі не будзе,
Узросшы на тым, што было!