Якая спёка і спакой
Стаяць над Прыпяццю ў маі!
І іх у гэты час вясной
Ніхто ніяк не парушае.
Стаіш на беразе ракі,
Нібыта ў казачнай краіне:
Бялеюць чыстыя пяскі,
Сінеюць роўныя нізіны.
З духмяных кветак чысты мёд
Збіраюць пчолкі клапатліва,
Жучкі,нібыта без турбот,
Паўзуць спакойна і маўкліва.
Дзе салавей з галінак дрэў
Пархне над рэчкай невысока,
Віхора радасны павеў
Закруціць гладзьдзю недалёка.
Зноў сціхне ўсё і зноў спакой
Стаіць над Прыпяццю ў маі.
У гэты час душы маёй
Ніхто ніяк не парушае.