Казаў нам Сыс: не маем права
Пісаць пра рэчкі і лясы
Калі ў краіне кепска справа,
Кнута на целе паласы
Гараць у печцы нашы мары
Вяртаюсь да вытокаў тэм
Знаёмых. Сціснуты абшары,
Мардуюць сэнс жывых марфем.
Пляскаты бераг Мора Словаў.
На ім будуюць дамбу тым,
Забыў хто спадчыну і сорам,
Ператварыць каб памяць ў дым.
Не страцілі бо да Парнаса
Шлях у народзе шчэ, жывем.
І, цудам Божым, мы абцасам
З зямлі бурштыны дастаем.
Хай тысячы гігантаў палі -
Дзясяткі, сотні шчэ стаяць.
Іх катавалі, іх ламалі -
Зоркамі з неба зіхацяць.
Мару: аднойчы ў час знявагі
Ноч ператворыцца на дзень
Ад іх святла, да шчасця прагі.
Мо й ад мяне дойдзе прамень...