Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Сяргея Грахоўскага

Нарадзіўся 24 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці) у сялянскай сям'і. У 1914 разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. У 1930 пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931—1932 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце «Чырвоная змена». Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ. Арыштаваны ў 1936 г. у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС у 1937 г. як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Верагодна, некаторы час знаходзіўся ва Унжэнскім канц­лагеры НКУС Горкаўскай вобласці (ст. Сухабязводная). Вызвалены ў 1946 г. Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага р-на (1946-1949). У 1947 г. з Грахоўскага знята судзімасць, але ў 1949 г. ён быў паўторна арыштаваны. Асуджаны асобай нарадай МДБ СССР на пасяленне ў Новасібірскай вобласці, дзе працаваў настаўнікам. Рэабілітаваны ў 1955 г. У 1957—1973 гг. працаваў у часопісах «Бярозка» — загадчык аддзела рэдакцыі (1957-1959), «Вясёлка» (1960-1973); літкансультантам СП БССР (1959-1960). У 1973—1974 гг. адказны сакратар Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Член СП СССР з 1956. З 1974 на пенсіі.

Дэбютаваў вершам у 1926 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзень нараджэння» (1958), «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Вершы» (1968), «Паэма дарог» (1970), «Зазімак» (1976), «Лірыка» (1978), «3ачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988). Выйшлі кнігі вершаў для дзяцей «Ад вясны да вясны» (1959), «Сёння і заўтра» (1961), «Гарыць касцёр» (1966), «Сонечная сцежка» (1980), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972).

Аўтар нарысу «Горад маладосці» (1960), зборніка апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакументальных аповесцяў «Рудабельская рэспубліка» (пастаўлены тэатрамі імя Я. Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968; у 1972 створаны аднайменны кінафільм), «Суровая дабрата» (1977), аповесцяў «Ранні снег» (1975), «Гарачае лета» (1974), «Сустрэча з самім сабою» (1988), «Споведзь» (вершы, аўтабіяграфічныя аповесці, 1990), кнігі ўспамінаў «Так і было» (1986).

Выступае і як публіцыст. Выдаў кнігу «Мінск» (1971) і нарыс на маральна-этычную тэму «Бацькі і дзеці» (1972). Аўтар успамінаў пра перыяд рэпрэсій (аўтабіяграфічная трылогія «Такія сінія снягі», 1988; «Зона маўчання», 1990; «З воўчым білетам», 1991).

Пераклаў на беларускую мову «80 000 кіламетраў пад вадой» Ж. Верна (1937, з Ю. Лявонным), аповесць «Ваенная тайна» А. Гайдара (1936), раман «Крушэнне» Р. Тагора (1958), «Выбраныя вершы і паэмы» А. Блока (1980), кнігу лірыкі М. Дудзіна «Пасля спаткання» (1984), асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, Я. Райніса, С. Ясеніна, Лесі Украінкі, П. Варанько, М. Забалоцкага, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Ісакоўскага, Р. Гамзатава, А. Венцловы, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, У. Сасюры, Я. Судрабкална і інш. паэтаў.

Узнагароджаны медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1983). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А. Куляшова (1983) за зборнік «Асеннія гнёзды». Лаурэат Дзяржаўнай прэміі імя Я.Коласа за зб. "Споведзь" (Паст.ад 28.12.1992г.) і узнагаролжаны медалём Ф. Скарыны (Паст. ад 11.02.1994г.)

Памёр 11 снежня 2002. У г.п. Глуску (Маг. вобласць), на радзіме пісьменніка устаноўлены яму помнік, у цэнты горада бульвар і школа №1 носяць яго імя.

Асабісты сайт: www.grahouski.org

Graxouski.jpg