Паляванне на ведзьмаў - вясёлы занятак
Паляваньне на ведзьмаў – вясёлы занятак.
Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў.
Хто на сьвет нарадзіўся – ужо вінаваты.
Вінаваты стакроць – хто ў загон не пайшоў.
Запаўняецца неба пачварамі з дыму
Ад кастроў, у якіх нашы вершы гараць.
Паляваньне на ведзьмаў імчыць па радзіме,
Быццам можа нянавісьць яе ўратаваць.
Апраўданьняў ня слухае пан інквізітар.
Дух пячоры. Дым вогнішчаў. Немасьць людзей.
І за брамай пакутліва моліцца мытар,
І бліскучы алтар беражэ фарысей.
Жыта, сосны і валуны
Дзе па роднай зямлі ні крочыў –
Скрозь – ад Прыпяці да Дзьвіны –
Перш за ўсё мне ласкалі вочы
Жыта, сосны і валуны.
Дзе ў далёкіх маіх вандроўках
Я ні сьніў аб Радзіме сны –
Паўставалі ў іх зноў і зноўку:
Жыта, сосны і валуны.
I па самай высокай мерцы
Мне ўжо ясна, што да труны
Данясу я не шмат у сэрцы:
Жыта, сосны і валуны.
О, сябры! Калі нешта значыць
Мой усім вам паклон зямны –
Хай і цень мой з пагорка бачыць
Жыта, сосны і валуны.
Утопія
…калі дыхаецца нам адным паветрам,
і часам адным жывецца,
чаму б чалавецтву -
тым, у каго насы «па-» і супраць ветра -
не выдахнуць разам
на адзін два, тры -
тую заразу,
што тоецца сэрца ўнутры…
У заапарку...
- Купі слона! –
Дзіцё свярбіць…
- Ты што! Ды й ежы ў нас не маецца!
- Дык тут напісана – глядзі -
“Карміць слана забараняецца!”
У трыццаць год шукаў я шлях да Храму
У трыццаць год шукаў я шлях да Храму,
Ў жыцьцёвым лабірыньце заблукаў,
І нідзе ня мог знайсьці я выйсьця.
І йшоў да Бога, йшоў ў ягоны Храм.
Ў касьцёл зайшоўшы, ля дзьвярэй я
ўкленчваў:
"Даруй мне, Божа, ўсе мае грахі.
Бывае момант – сам сабе пярэчу,
Сумленьне й здрада – роўныя вагі...
Тваё імя гучыць у сэрцы...
Тваё імя гучыць у сэрцы,
Нібы вакол званы гучаць.
І я жадаю цябе бачыць,
І буду я цябе кахаць…
Сустрэча кожная засталась,
У душы маёй на ўсе гады.
Як ты са мною абдымалась,
Які шчаслівы быў тады.
Імя тваё – мая ікона,
Маліцца буду на яго.
Не пашкадую я паклона,
У ногі шчасьця сваяго.
Няхай усё так заўсёды будзе,
Жадаю я шчаслівым быць.
Няхай глядзяць, зайдросьцяць людзі,
Як трэба душу падарыць.
Тваё імя гучыць у сэрцы,
Нібы вакол званы гучаць.
І я жадаю цябе бачыць,
І буду я цябе кахаць…
Дзе той народ, хто волатамі зваўся?
Дзе той народ, хто волатамі зваўся?
Каго ня зломіць ні страла, ні меч,
Хто галавою ў неба ўпіраўся
І сонца захіляў размахам плеч.
Народ, які ніколі не сьхіляўся
Прад з ворагам, бо быў тут уладар.
Па той зямлі, зь якое нараджаўся,
Хадзіў заўсёды горда ўзьняўшы твар.
І дзе ж той герб з выяваю “Пагоні”?
Ды белы сьцяг са стужкаю крыві,
Што пралівалі, каб ня зьгінуць у палоне,
І звацца беларусам мог і ты…
Каб забіць, каб згубіць, каб забыць...
Каб каханьне сваё забіць,
(а было яно невылечным),
Я аб ім пачала гаварыць
З кожным стрэчным.
Каб каханьне сваё згубіць,
(а было яно нерэальным),
Я яго пачала рабіць
Абсалютна матэрыяльным.
Каб каханьне сваё забыць,
(а была ім душа працята),
Я ізноў пачала любіць
Невядома каго — як брата…
Каб забіць,
каб згубіць,
каб забыць...
Зірнеш у акенца, і я зазірну...
Зірнеш у акенца, і я зазірну:
Зімовае неба там зоры схавала,
Шукаю сярод іх я толькі адну,
Якая б імгненна цябе нагадала.
Зірнеш у акенца, і я зазірну:
Усмешкай чароўнай у цемрадзі ночы
Захоплены буду ў палон, не засну,
Пакуль так яскрава блішчаць твае вочы.
Што ж ты клічаш на вяселле?..
Што ж ты клічаш на вяселле?
Ці жартуеш, ці не знаеш,
Што калі прыйду, дык буду
Не спускаць з цябе пагляду,
Калі песню хто зацягне,
Сцяўшы зубы, прамаўчу я.
Калі ў танцы цябе стрэчу,
Дык не выпушчу з абдымкаў.
Караваем пачастуеш –
Ён калом у горле стане.
А гарэлкі паднясеш мне –
Што ж, знай, вып’ю я за тое,
Каб твой вэлюм стаў як ночка
Беспрасветная такая,
У якой ты, заблудзіўшы,
Не знайшла б свайго каханка,
Не дайшла б да свайго ложка.