Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Апошняя балада

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Дадолу сонца рушылася ў бруд,
Датла спаліўшы небылі і былі,
Калі я выйшаў у дарожным пыле
На скрыжаванне гора і пакут.

Там цьмянела ліхтарнае святло,
Там тры жанчыны ўкленчана стаялі
I разам сваё шчасце адпявалі,
Якое іх да скрухі давяло.

Я мерыў іх журбу на свой капыл,
Я брыў за імі па слядах крушэння,
Я пасылаў ім знакі суцяшэння,
Я дзіўным быў і недарэчным быў.

Цяжар нябёсаў плюшчыў, як метал,
Як сківіцы раз’юшанай хімеры!
Я аб надзеі ім казаў, аб веры,
Я пра каханне нешта мармытаў.

Утрох яны на струпавых нагах
Iшлі ў нябыт за даляглядам поплеч –
Iм быў не чутны мой вар’яцкі покліч,
Iм Месяца свяціў журботны гак.

Трымцеў на свечцы дробны матылёк,
Калі яны спыніліся раптоўна:
Iх галасы – рахманыя, што воўна,
Тлумачылі мне ветліва здалёк.

I я зазнаў бязвыхаднасць рабоў,
Распятых на пакутным скрыжаванні,
Пачуўшы іх маркотнае прызнанне:
– Я – вера.
– Я – надзея.
– Я – любоў.