Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Бліскавіца, роўна небыль...

Сярэдняя: 4.4 (22 галасоў)

Бліскавіца, роўна небыль,
Раскалола свет у прах –
Ясакар трымае неба
На малітвеных руках.

Навальніца па-над гаем
Змыла жнівень у яры.
Перад ёй запабягае
Марна ясакар стары.

Штось бракуе мне паветра,
Штось паменшала святла…
Ці ў нябыт сыходзіць лета,
Ці то сталасць адышла?

Нешта мала мне прыпару –
Надвячоркам, спакваля,
Як рыззё, звісае хмара
З распрастанага галля.

Што задзьмула, завіхрыла,
Размятаўшы дзён шмаццё?
Што свой бег імкне да схілу:
Непагода ці жыццё?..