Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Божае святло (вянок англійскіх санетаў)

Сярэдняя: 3 (4 галасоў)

І. На сваім шляху

Мне сонца з неба ўпала на далоні,
У ім адчуў я водар летніх траў,
І я ажыў, нібыта нешта ўспомніў,
Нібы дагэтуль я глыбока спаў.

На раздарожжы я стаяў дарэмна,
Прыходу свайго часу ўсё чакаў.
Усе шляхі вядуць людзей з Эдэма,
І я свой шлях нарэшце распазнаў.

Бо кожнаму сваёй дарогай крочыць
Наканавана Богам для людзей.
Свяцілу, што за ўсімі зверху сочыць,
Падказваць нам шляхі з нябёс лягчэй.

Я ўзяў рукамі сонца, і яно
Жар-птушкай райскай вочы апякло.

ІІ. У новы дзень

Жар-птушкай райскай вочы апякло
Тваё ўзнікненне ў шэрым існаванні.
Растала ўся халоднасць дзён-вякоў
Без непатрэбных слоў пустых прызнанняў.

Чужых пладоў у роце горкі смак.
Я існаваў мізэрным маладушшам.
Але мой час прыйшоў, я ўбачыў знак,
І голас мне сказаў: “Наперад рушым!”

Расталі ўсе праблемы-туманы,
Я ўбачыў новы дзень праз шчасця слёзы.
Каханне адмывае ад віны,
Ад страху лечыць, туліць ад пагрозы.

Прыйшоў нарэшце момант той цудоўны:
Я колькасць найшчаслівейшых папоўніў.

ІІІ. Азарэнне

Я колькасць найшчаслівейшых папоўніў,
Бо раптам зразумеў, што трэба мне.
Пакуль мой дзень быў шэрым, беззмястоўным,
Душа нібы бадзялася ў імгле.

Свой рух спыніў я на адно імгненне,
Стаяў вось так, адкрыты ўсім вятрам,
Нібы святлом з нябёс прыйшло рашэнне,
Бо я быў з Богам, з праўдай сам на сам.

Жыць там, дзе сэрца радасцю палае,
Дыван пачуццяў плесці кожны дзень.
З вачэй заслона шэрая спадае,
Дарогу мне падказвае прамень.

Жыццё навокал быццам зацвіло,
Душа ляціць на Божае святло.

IV. Акрылены каханнем

Душа ляціць на Божае святло,
Душу маю наведала каханне,
Яно мяне наперад павяло
І знішчыла сумненні і пытанні.

Выпадак – іх здараецца мільён,
І кожны можа быць крыніцай лёсу.
Я быццам перайшоў праз Рубікон.
Ды што распавядаць лірычна-ўзнёсла?!

З руціны цяжка выхад нам знайсці.
Гады – як слёзы, кожны сумам поўны.
Каханне загадала мне: “Ляці!”.
І я лячу, нібыта птушцы роўны.

А слёзы, след пакінуўшы салёны,
Ляглі на галаву маю каронай.

V. Слёзы смеласці

Ляглі на галаву маю каронай
Крышталі слёз тыярай-абручом.
Я ззяю, ў кожны дзень жыцця ўлюблёны,
Як быццам я прайшоўся пад дажджом.

Салёныя слязінкі ад адчаю,
Ад страху і няспраўджаных надзей.
Я плачу, і самота адступае.
Няўжо ад слёз становіцца лягчэй?

Калі святло нібыта памутнела,
Не трэба ўсё ўнутры сябе трымаць.
Я плакаў, не саромеўся, быў смелым,
І слёзы на чале маім ляжаць.

Анёл на галаву маю праліў
Сто зорак, што паслаў мне небасхіл.

VI. Гуллівы змрок

Сто зорак, што паслаў мне небасхіл,
Са шчодрасцю рассыпаў я навокал.
Бурлівай маладосці сокі піў
І з вечара я ў ноч ныраў з ахвотай.

Наіўна-хітраваты спеў вясны
На поўныя свае ўдыхаем грудзі,
У ноч нам травы – быццам дываны.
Лятаюць матылі, лятаюць людзі.

Пад зоркай – ню, пад промнем – галізна,
З усходам сонца хутка сохнуць росы.
Растаў той змрок, дзе ноччу я лунаў.
Каханне – Божы дзень, святы і ўзнёслы.

І я маўчу, я зразумеў законы:
Наш свет людзьмі фальшыва намудроны.

VII. Без слоў

Наш свет, людзьмі фальшыва намудроны,
Нявечыць спеў і музыку душы,
Ахутвае нас коўдрай з забабонаў,
А словы ўсе звіняць, нібы грашы.

Глядзі мне ў вочы, не кажы нічога,
Бо думкі можна выказаць без слоў.
Пачуцці прыйдуць нам на дапамогу.
Я супраць слоў – прыземленых акоў!

Прывыклі мы хавацца за прызнанні.
Жыццё – ілжывы гімн з пустых фанфар,
Але прыкласці трэба намаганні
І замаўчаць, і паказаць свой твар.

Прызнанні, што на словах я рабіў,
Халодны вецер подыхам размыў.

VIII. Аджыўшае

Халодны вецер подыхам размыў
Паэмы, зрыфмаваныя ў пачуццях
Да тых, з кім лёс абставін нас радніў,
Калі сумуем мы па днях ды людзях.

Жыццё ляціць, гартае каляндар,
Знікаюць людзі, блякнуць успаміны.
Сухога лісця восеньскі пажар
З’ядае шчасця летнія гадзіны.

Было імкненне, шчырасць і цяпло,
Былі прызнанні ў вернасці навечна.
Як тыя словы, лета адцвіло,
І згасла, дагарэўшы ноччу, свечка.

Пачуцці адляцяць, як птушкі ў вырай,
Якой бы ні была малітва шчырай.

IX. Жыццёвы вопыт

Якой бы ні была малітва шчырай,
Якой бы чыстай песня ні была,
Уласная вайна з уласным мірам
Калісьці нас да Бога прывяла.

Мы ўсе ад нараджэння немаўляты
І вопыт свой збіраем на шляху
Ды цягнем за сабой яго заўзята,
Адкрытыя малітве і граху.

І мёртвай, і жывой вады напіцца
Патрэбна, каб убачыць кубка дно
Але не забывай на ноч хрысціцца,
Не важна, піў ваду ты ці віно.

Ёсць час маліцца, ёсць час і грашыць.
Па падабенстве Бога нам не жыць.

X. Крыніца душы

Па падабенстве Бога нам не жыць,
Калі душу сваю не будзем слухаць.
Ці міраточыць цела, што баліць,
Праз ціхі сэрца стук, малітваў сухасць?

Як з намі размаўляе наш сусвет?
Пачуць як Усявышняга падказку?
Ці прадчуваннем жыць, ці Запавет
Чытаць са спадзяваннямі на ласку?

Будзь шчырым перад выбарам сваім.
Будзь смелым перад цемрай навальніцы.
І ты адчуеш, як ключом жывым
У глыбіні цябе журчыць крыніца.

Памазаць раны цела трэба мірам,
Пачуцці – адпусціць круціцца вірам.

ХІ. Мой дзень

Пачуцці адпусціць круціцца вірам
Хачу ў рацэ, што мы завем жыццём,
Старыя трэба змыць арыенціры.
Прыйшоў мой дзень, і стаў ён светлым днём.

Хай гукі разліваюцца навокал.
Пачуцці – гэта музыка душы.
Каханне напаўняе сэрца сокам.
Дык стукай, сэрца, стрэлкі варушы.

За гэты светлы дзень Табе я ўдзячны,
Бо Ты вядзеш, бы зорка, праз гады.
І хоць нам, грэшным, Дух Святы не бачны,
Я ведаю дакладна: гэта Ты.

Жыццё каханнем трэба ўзбагаціць,
Душу і сэрца час прыйшоў адкрыць.

ХІІ. Развітанне з самотай

Душу і сэрца час прыйшоў адкрыць
І даць святлу пранікнуць у глыбіні
Нутра свайго. Пакуль світанне спіць,
Цябе самота шэрая пакіне.

Калісьці надыходзіць гэты дзень,
І раптам кветкі ў лузе зноў красуюць,
Самоты адступае шэры цень,
Мелодыі жыцця ізноў хвалююць.

І я адчуў, што гэты дзень прыйшоў.
Світанак маё сэрца адкрывае.
Яно спявае сотнямі ладоў,
І музыцы няма канца і краю.

Прыйшоў мой час з анёламі кружыцца,
Жыццё маё бурліць, нібы крыніца.

ХІІІ. Крылы пачуцця

Жыццё маё бурліць, нібы крыніца,
Мне хочацца лятаць, нібы анёл.
Наяве гэта ўсё, ці мне ўсё сніцца?
Пакінуў пад сабой я лес і дол.

Адкрыліся бязмежныя прасторы,
Бы крылы пачуццё мне надало.
Я з вышыні нябёс убачыў горы
І акунуўся ў Божае святло.

Нас шчырыя пачуцці акрыляюць
І вочы прымушаюць зіхацець,
Але нябёсы сілу правяраюць,
Не кожным крылам дадзена ляцець.

Пачуццям немагчыма ўжо спыніцца,
Душа каханнем просіцца абмыцца.

XIV. Імкненне

Душа каханнем просіцца абмыцца
І скінуць задуменнасць шэрых дзён,
Расправіць крылы, да нябёс узвіцца,
Разбіць лагічна сплецены палон.

Спявае сэрца, песня мне вядома.
Лунаю ноччу, днём – нібы раўчук,
Імкнуся ад крыніц амаль бяздонных
У Божы свет, дзе чутны песні гук.

Нібы вада з крыніцы, буду чыстым,
І шчырым буду сэрцам і душой,
Тады адорыць шчасцем прамяністым
Мяне з нябёс натхняльны позірк Твой.

Я ўбачыў Усявышняга на троне,
Мне сонца з неба ўпала на далоні.

XV. У Божым святле

Мне сонца з неба ўпала на далоні,
Жар-птушкай райскай вочы апякло.
Я колькасць найшчаслівейшых папоўніў,
Душа ляціць на Божае святло.

Ляглі на галаву маю каронай
Сто зорак, што паслаў мне небасхіл.
Наш свет, людзьмі фальшыва намудроны,
Халодны вецер подыхам размыў.

Якой бы ні была малітва шчырай,
Па падабенстве Бога нам не жыць.
Пачуцці адпусціць круціцца вірам,
Душу і сэрца час прыйшоў адкрыць.

Жыццё маё бурліць, нібы крыніца,
Душа каханнем просіцца абмыцца.

2003-2013