Да нас даходзіць пакрысе,
Што жыхары зямлі мы ўсе,
Ахвяры і астрожнікі, —
Чарнобыля заложнікі.
Хлапчук на цацачным кані
Гукае:
— Дожджык, секані!
Чакай, пастой, не трэба, —
Смерць навісае з неба!
Нагбом з глінянага гляка
Глынуўшы слодыч малака,
He ведаеш, абуджаны,
Што ты на скон асуджаны...
Цябе шукаў так доўга я,
Сунічка, ягадка мая, —
З пякучым болем думаю, —
He набліжай бяду маю.
Палі і дрэвы, што здаля,
Красою зрок варожыце,
У змове неба і зямля
Глядзяць на нас з варожасцю.
А вы, гаспадары жуды,
Жрацы прастола тленнага,
Пра што вы думалі тады,
Да выбуху страшэннага?