Невысокія чорныя вокны
Дазваляюць глядзець з цемнаты,
Як гараць залатыя валокны –
Ліхтароў электрычных кнаты.
Уключаецца неба праектар,
Зорны сноп адкідаючы ў бок,
I вязальная спіца прашпекта
Прасвідроўвае поўні клубок.
Шоргат шын, як набухлая вата,
Гоніць з ветрам навыперадкі.
Беспрытульныя лужы-шчаняты
Ліжуць мокрыя чаравікі.
На бязлюдным прашпекце так ярка,
Што, адбітыя ў чорным акне,
Дрэвы з нетраў журботнага парка
Шамацяць устрывожана ў сне.