Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Енк Лазара

Сярэдняя: 4.8 (17 галасоў)
Ты ўваскрэсіў мяне чаму, Ты ўваскрэсіў мяне навошта, Бы адвёрткаю па бяльму Ўшрубаваў назаўсёды ў вочы? Я аднойчы калісь памер, Я аднойчы сканаў знянацку Не таму, каб ты меў намер Уваскрэсіць па-заліхвацку. Бо раней у маім жыцці Рунь буяла ды зелянела, Пачынала штодня цвісці, А цяпер усё мутна, бела… Ты растаў, як да ног тваіх Мае сестры папрыпадалі, Акрапіўшы крысо тунік, Цалаваўшы рамень сандалі. Што ты возьмеш з бязглуздых баб, Акрамя ўсхваляванай хрыі – Толькі Марфін тупы нахрап Ды пранізлівы плач Марыі! Я вяртання не заклінаў – Я да бога ляцеў, як зорка, Бо нарэшце свой боль прагнаў! А цяпер усё зябка, золка… Ты не думаў аб тым, што мне Давядзецца ізноў на ложку Загінацца ў гнілым радне Сапраўды, а не панарошку! Дзе ж наперад адчуць усё, Калі тоўпіцца ў рызах шэрых, Нібы трэфнае парасё, Зацікаўленых вучняў шэраг! Я таксама ў юнацкі час Быў падобны на шалапута Ў чарадзе маладых пралаз, А цяпер усё страшна, люта… Чараўніцтвам сваім ліхім Ты прызначыў мне лёс ахвяры, I бязлітасны серафім Б’е маланкай мяне з-за хмары. Паспрабуй ад сваіх даброт У бясконцае кругаверці Адыходзіць у смерць штогод Ды ізноў уцякаць ад смерці! Ты маліцца тады пачнеш, Сам сабе аддаваць пакорна, Каб зніштожыць такі правеж… Да чаго ж мне, Iсусе, чорна! ADIDAS