Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Фантазія

Сярэдняя: 4.3 (22 галасоў)

Пахне смажанай рыбай каірскі пясок,
Уваткнуўшы ў нябёсы набухлы сасок
Піраміды Хеопса, і хворай
Залацістай акацыі лісцік засох.
Фараон (палісмен) чыркане адрасок
Рэстарана з мясцоваю флорай.

У карчме каля Сфінкса – сусветны садом,
I, калі ты заскочыў у гэты дурдом,
Прапануюць фалафель з кунжутам.
На круглявай жароўні сквірчыць маргарын.
Ты навошта шчаслівы такі, бедуін,
У трухлявым бурнусе надзьмутым?

Бедуін па верблюдзе замучаным б’е,
Сонца ў небе румяніцца, што кураб’е,
Падгарае надхмар’я радніна…
Пальцам вэнджаным тыкае экскурсавод:
– У егіпецкай муміі ўпалы жывот
«И широкая грудь осетина».

Сікаморавы кліч вертухайскай трубы –
Узнікаюць з падземных баракаў рабы,
Зелянее смала эўкаліпта.
I Рамсэса абмые прыліўны прыбой,
I збягае турыстаў засмучаны рой
Праз Чырвонае мора з Егіпта.