Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гісторыя аб складаным жаночым лёсе і бясконцых пошуках шчасця

Яшчэ не ацэнена

Ой, дзяўчаты! Расквітнелі на палях півоні!
Так і я распрыгажэла на сваім раёне.

Мне прыйшло на думку ўчора: ў дзеўках бегаць досыць!
Хоць не маю ухажораў, мамка ўнукаў просіць.

Дзеўкі нашы ўсе заганы, думкі і крэдыткі
Носяць да Глафірыяны - моцнай варажбіткі.

Як і многія сяброўкі, па сваіх пытаннях,
Я збіраюся ў вандроўку да Глафірыяны.

Буду сёння я, магчыма, ўжо дакладна ведаць,
Дзе шукаць майго мужчыну. На варожбу еду.

Ледзь знайшла я тую хату каля лесу дзесьці.
Варажбітка хрыплавата запрасіла сесці.

Глянула яна сур’ёзна, распаліла свечкі,
Вадкасцяў дастала розных, прынясла аптэчку.

Ёду пырснула у міску, лыжку ацэтону,
Паліла алеем, віскі і віном чырвоным.

Выпіла з такім рэцэптам суп прыгатаваны
І гаворыць страшным шэптам мне Глафірыяна:

- Я цяпер дакладна бачу, дзе твая надзея:
Невыразны твар юначы, але зваць Сяргеем.

Моўчкі затушыўшы свечкі - шмыг у кулуары,
Разам з міскай і з аптэчкай, разам з ганарарам.

Не шкада ніякіх грошай, не у грошах шчасце.
Я цяпер з маім Сярожам буду жыць у казцы.

Я цяпер з маім Сярожам - ў радасці і ў горы!
Ўсе праблемы пераможам! І дзяцей пяцёра!

Я вось толькі не паспела ўцяміць больш прадметна:
Што з Сярожам - зразумела. А з якім канкрэтна?

Ой, дзяўчаты, так і выйшла ў цяжкім замяшанні
Ад прафесара па прыйшлым - ад Глафірыяны.

Па шашы, па бездарожжах я пайшла блукаці.
Хто Сярожа, дзе Сярожа, - дзеўкі, без паняцця!

На дарозе адваротнай, ўжо ля самай хаты
Поўзае мужык без ботаў, п’яны і памяты.

Шэпча ледзьве зразумела “Дай на пахмяліцца”.
І параіўшы нясмела пану адчапіцца,

Я пазнала яго хутка - то Сямёнаў з цэха:
Кожны дзень амаль п’янюткі! Во людзям пацеха!

Але тут усмешка знікла, я гляджу шалёна -
Ўсе ж да імені прывыклі: ён - Сяргей Сямёнаў!

І зрабілася мне дрэнна. Вось дык падарожжа!
Хай згарыць наш хлеўчык з сенам! Гэта той Сярожа!

Да канца жыцця п’яноту прыйдзецца цягаці.
Ніякой табе пяшчоты, гора беднай маці!

Лёс.. Што зробіш? Вопыт цэнны. Позна ліці слёзы.
Ў сераду яго сустрэну (мусіць быць цвярозы).

Апранулася ў сукенку, завязала хусту.
Завушнічачак маленькіх падабрала з густам..

Пачакала каля пошты да паловы шостай.
Але, дзевачкі, навошта? Скончылася проста:

Кажа, “Ты не ў маім гусце” гаспадзін Сямёнаў.
“Ты ў сваёй квяцістай хусце - вунь - да пачтальёнаў.”

Верх нахабства, на мой погляд! Ты сябе хоць бачыў?
Як па грошы - дык нямоглы, кавалер лядашчы!

Ён дахаты пацялёпкаў, я - у разважанні:
Адчуваць цяпер палёгку ці расчараванне?..

Што ж, у пошуках кахання не за гэткім пойдзеш!
Тут не да расчараванняў: дзе згубіў - там знойдзеш.

Бог яшчэ прыслаў фацэта. Я скажу, дзяўчаты,
Нездарма Сямёнаў гэты паштальёна сватаў.

Я іду сабе спакойна, і, як тут бывае,
Ён - нясецца стрымгалоўна, з ног мяне збівае!

Хустка з галавы зляцела. Гэткі, бачыш, жэўжык!
Ледзь апомніцца паспела - глянула на бэйджык.

Так і ёсць: Сяргей Пятровіч. Найсвяты вяльможа!
Чарнавокі, чарнабровы. Гэта той Сярожа!

Працавіты ды прыгожы! Просіць прабачэння.
Што ты, мілы мой Сярожа! То ўсяго калені!

Сінякоў не заўважаю, аб каханні думкі,
Пакуль ён лісты збірае ў скураную сумку.

Пакуль ён збіраў газеты, я ўжо пра вяселле:
Думаю, згуляем летам, каб гуркі паспелі.

Ён падняў пінжак памяты і гаворыць ціха,
Што то ровар вінаваты, што хай яго ліха,

Што, нажаль, не паспявае правясці да хаты,
Бо з роддома забірае жонку а дзевятай.

Вочы - гузікі, бялею. Аднялася мова.
Як? Гуркі навошта спеюць? Цэлая дуброва.

Як жа ўсе мае чаканні?! Нашае вяселле?
Засталіся толькі раны. На душы і целе.

Так і з’ехаў. Вось, дзяўчаты, як тут можа стацца.
Пацягнулася дахаты, заўтра ж мне на працу.

А на працы як заўсёды: план гарыць пажарам,
Ніякой табе свабоды. Дык і шэф - пачвара.

Зранку так салодка спіцца па такіх прыгодах.
Давялося мне спазніцца. Шэф чакаў на сходах.

Зараз недзе будзе крыку. То ж хвілін пятнаццаць!
Як бы ад яго упікаў у дэкрэт схавацца…

На гадзіннік мне ківае. Кажа: “Паглядзіце!
Дысцыпліна ў вас кульгае.”
“Так, Сяргей Мікіціч.”

Зноў у думках паўтарыла. Быць таго не можа!
Дайце мне, анёлы, сілаў. Гэта той Сярожа!

Больш нічога я не чула, хоць падняўся лямант.
Але, можа, ён агулам і не горшы самы?

Таўставаты, лысы - ладна, але я, дзяўчаты,
Ведаю адно дакладна: гэты - нежанаты.

Як прыйшла з каменным тварам ад тае апалы -
Супрацоўніцы Тамары ўсё і расказала.

А яна гаворыць: “Дзе там! Шанцаў з ім ніякіх.”
-І чаму? Мо злыдзень гэты па-за працай мяккі.

Ціха шэпча мне Тамара: “У другім прычына.
Ён даўно ўжо мае пару, й гэта - не жанчына.”

-Што ты! Ў нашым калектыве?! Вось чаму ён, значыць,
На усіх карпаратывах ані з кім не танчыць.

З шэфам, дзеўкі, зразумела. Нават лепей, можа.
Толькі б ведаць я хацела, дзе ж той МОЙ Сярожа!

Ні прасвету у шуканні, хоць якога руху.
Мо схадзіць Глафірыяну яшчэ раз паслухць?

Месца мо яна убачыць, што мяне з ім звяжа,
Што ён робіць, растлумачыць, прозвішча падкажа!

Можа зробіць дзеўцы ласку. Скажа сваё слова
А за добрую падказку я плаціць гатова.

Ой дзяўчаты, ўсё квітнеюць на палях півоні,
Для каго я прыгажэю, вырашыцца сёння.

Буду вечарам, магчыма, ўжо дакладна ведаць,
Дзе шукаць майго мужчыну. На варожбу еду.

З-за фіранак, з-за туману, глянуўшы сур’ёзна.
Падыйшла Глафірыяна. Стала мне нэрвозна.

Я адкрыла рот разсказваць, а яна: “Не трэба,
Ты прыйшла каб падрабязней напрашчупваць глебу”.

Свечкі дастае, іголкі, шклянку нейкіх крупаў.
Каб хутчэй бы яна толькі пачынала шчупаць.

За руку мяне схапіла і закрыла вочы.
Потым крыкнула штосілы голасам прарочым:

“Падманулі, зоркі, шэльмы, нас з табой, дзяўчына.
Нізкія тарыфы вельмі. Можа ў тым прычына.

Я цяпер дакладна бачу, - кажа мне праз кашаль, -
Невыразны твар юначы, але імя - Саша.

Ўсё цяпер мне стала ясна. Божачкі мой Божа!
Вось чаму не мела шчасця ні з адным Сярожам.

Вось чаму не там глядзела, заварыла кашаў.
Бо чакае нас вяселле не з Сярожам - з Сашам.

Дзякую Глафірыяне, грошы выкладаю,
За адказы на пытанні плата неблагая.

Я і больш магу аддаці. Не шкада мне грошай.
З маім Сашам жыць у шчасці - вось яна, раскоша!

З маім Сашам будзе казка і дзяцей пяцёра!
Стоп. Прабачце, калі ласка… З Сашам… А з каторым?

Але знікла варажбітка у густым тумане
Разам з свежанькім прыбыткам. Эх, Глафірыяна…

Ў свае роздумы упаўшы, я пайшла блукаці.
Хто той Саша, дзе той Саша - дзеўкі, без паняцця.

Падыходжу на пагорак, ўжо ля самай хаты
Набліжаюцца чацвёра, а за імі - пяты.

Кшталту злодзееў, напэўна, бо прасілі грошай.
З націскам, і нават гнеўна. Тон быў нехарошы.

Не на тую вы напалі. Выбар памылковы.
Мяне толькі хвалявалі варажбіткі словы.

Да ўсяго я добра бачу: нашы то, з раёна.
Пахмяліцца, не іначай. І кажу спакойна:

Хлопцы, я - не багацейка: ўсе мае прыбыткі,
І заробак да капейкі - там, у варажбіткі.

Завушніцы з тэлефонам наце, забірайце
Толькі вы сваіх імёнаў мне не называйце.