Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

IМША. КАСЦЁЛ У ПАСТАВАХ

Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)

У мясцечку цацачным – Паставы, –
Воддаль ад праезджаных дарог,
Маску самаўпэўненай Варшавы
Начапіў маленькі гарадок.

Тут жыццё заваблена ў мярэжы,
Рымскі востраў нікне ў акіян,
Ад назолы веку не залежыць
Велічны маленечкі арган.

Таюць слёзы матавага воску:
То грахі мае гараць агнём!
Як нам жыць на свеце, Матка Боска,
З гэтакім пакутным насланнём?

У намёт нябёсаў лазурковых
Вострай стромкай уваткнуўся крыж…
Колькі ж нам яшчэ гасподнім словам
Будзе слёзы абціраць скавыш?

Тоне выспа ржаваю каронай…
Там, па сконе, будзе нам лягчэй…
I мігцелі святасцю іконы
Ад салёных радасных вачэй.