Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Каліна

Сярэдняя: 4.9 (7 галасоў)

Колер маюць адметны расліны,
І таму па прыродных законах
Белым-белым красуе каліна,
Каб зімой адгукнуцца чырвоным.

Ці прымроіцца хлопцу-гарэзе,
Што паўстане аднойчы старонка,
Дзе пад ветрам на студзеньскім снезе
Нібы кроў - загараюцца гронкі,

Што для Волі агульнай і Славы,
Дзеля Княства і дзеля Кароны
Белым знічам успыхне Варшава,
І што Вільня адкажа чырвоным?

Ці прымроіў, што будзе паўстанцам,
Што на снезе, падобным да сцяга,
Будзе цёплая кроў запякацца,
Нібы сок ад калінавых ягад?

Што на плошчы ў нядзелю ў кайданах
Пад пятлёй давядзецца прарочыць,
Што адзінай, таемна каханай
Перад смерцю не гляне у вочы?

Ранак быў і празрысты і звонкі...
Ён у лесе для любай дзяўчыны
Сабіраў не крывавыя гронкі,
А бялюткія кветкі каліны.
28.01.13.