Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Колькі хочаш, бяжы...

Сярэдняя: 5 (12 галасоў)

Колькі хочаш бяжы, колькі можаш да досвітку кроч –
На задворках Еўропы стаіць азіяцкая ноч.

Тут галінамі клён адзінокі махае бядзе.
Тут запознены лебедзь замёрз у стаўковай вадзе.

Тут счаўрэла лісцё, тут пароша ляжыць на траве.
Тут над горадам сонным чужынская мова плыве.

Толькі міг пачакай – і застыне рака ў берагах.
Толькі момант стрывай – і загразнеш па горла ў снягах.

А таму абярніся хутчэй, быццам гонкая рысь,
У паветраны віхар, што ўзносіцца ў гулкую высь,

I ляці ўдалячынь, і трымай цераз сілу стырно,
Бо ў нябёсах апошніх апошняе гасне акно,

Бо не маюць ратунку галіны ў сваёй галізне,
Толькі лебедзь азяблы, як шкельца, унізе блісне.

Шчыльна вушы заткні – пакажы, што не чуеш зусім
Тую мову з паўзучым, змяіным шыпеннем сваім.

Бо нарэшце паволі захраснеш у процьме пазык,
I скуе цябе вабнымі слінамі доўгі язык.

Толькі полымя прагнае хіжа глынае лісты,
I варушыцца мова ў цісках языка цемнаты.