Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Красуй, наш Мінск

Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)

Вянкі гісторыі уславілі твой лёс,
Яны не звянуць на старонках кнігі.
О колькі, Мінск, ты здзекаў перанёс,
Пакуль не збыў пакутныя вярыгі.

Тут, што ні пядзь, тут, што ні ступіш крок,
Дзядоў сляды і прадзедаў магілы.
Яны нібы прыходзілі сюды
Ахвяраваць жыццё свае і сілы.

Гісторыя змалола косці ўсіх,
Прыняў іх жвір зямельнага скляпення
На вуліцах тваіх, каб вечна pyx не ціх,
Каб гулка адгукалася каменне.

Яшчэ здавён здружыўшы між сабой
Няміга з Свіслаччу імкнуліся да мора.
Тут продкі паднявольнай талакой
На берагах адбудавалі горад.

Ішлі гады, і рос за мурам мур,
Прыходзілі адны, адходзілі другія,
І кожны гаспадарыў, а таму
Вывозілі дукаты залатыя.

Адзін сплаўляў багацці у Парыж,
Другі валок дабро чужое ў Рыгу,
А людзі з ранку да начной пары
Каменнямі гацілі дол Нямігі.

Грукоча брук, нібы кагаюць кляўцы
Халодны камень вечнасці заўзятай.
Палацы ўзводзяць прагныя купцы,
Жыве бядота у панурых хатах.

Жыве народ, ці мала іх такіх
На Серабранцы і на Камароўцы.
Рабочыя ці проста — батракі,
Касці шырокай беларусы-хлопцы.

А за вайной ідзе ізноў вайна,
Смяротным боем ўсё жывое хвошча.
Ізноў палкі узброеных ваяк
Ідуць па вуліцах, ідуць па мінскіх плошчах.

Грыміць вайна. Гудуць, гудуць званы,
Хвалу прастолу ўсе званіцы трызняць.
О колькі не вярнулася з вайны
Забітых «за цара і за айчызну».

Заціхнуў Мінск. Але ў глухой начы
Святлее ранак новы, урачысты.
Ідэі Леніна у сэрцы несучы,
Працуюць у падполлі камуністы.

І вось настаў доўгачаканы дзень,
Над Мінскам сцяг рабочага Савета.
Працоўны люд па вуліцах ідзе,
I шлях яго сатканы з промняў светлых.

Сваю сталіцу славіць родны край,
Жыве наш Мінск у рытмах працы звонкіх,
Па новых вуліцах спяшаецца трамвай,
І зніклі здані дапатопнай конкі.

I стаў наш Мінск крыніцай творчых мар,
Узняў будынкаў светлых камяніцы
Як непахісны воін і змагар
I як маяк заходняе граніцы.

Але крадком фашысцкія звяры
Падрыхтавалі новую расправу.
I закружылі самалёты угары,
I ўсюды смерць, пажары і ахвяры...

I падалі муры, звіхаючы хрыбты,
Дыміла папялішча горкім дымам,
Няпрошаных ваяк знішчаліся гурты —
Накладвалі галовамі сваімі.

Адходзілі адны, прыходзіў новы строй
Па трупах і касцях знявечаных, забітых..
Ізноў цякла, цякла людская кроў
Па мінскіх вуліцах, па камяністых плітах.

Фашысцкае ляцела груганнё
На горад наш, на гора нашым людзям.
Яго мы білі ноччу, білі днём,
Пра гэта Мінск ніколі не забудзе.

Хіба ж забудзеш той трывожны дзень,
Калі ляжаў наш горад у руінах,
Галодных і разгубленых людзей,
Хто ад фашысцкай кулі не загінуў?

Праслаўлены навекі змагары,
Што, з аўтаматам на будоўлю стаўшы,
Ўзнялі твае прыгожыя муры,
Любімы Мінск — краса юнацтва наша.

Змяняецца драўляны Мінск стары,
Усходні вецер вее ўсюды свежы.
На Камароўцы ўжо не камары,
А ззяюць электрычныя мярэжы.

На ўсіх дарогах мінскія аўто —
На плечах іхніх цяжкая нагрузка,
I ва ўсім свеце скажа хіба хто,
Што дрэнны трактар з маркай беларускай.

У клубах песні чутны дзетвары,
Юнацтву — ўсё здабытае належыць.
Гучаць іх горны ў сонечным бары, —
Прыемна вее ўсюды вецер свежы.

Будуе творца — слаўны наш народ,
Растуць дамы, а іх ўсё болей трэба,
На шчасце наша хай растуць штогод,
Плячом крутым кранаючы за неба.

А прыдзе час — мы новых фабрык строй
Уздымем тут, — няма чаго дзівіцца:
За тэты горад пралівалі кроў
Сябры мае, сыны маёй сталіцы.

3 іх колькі гора гэтулькі спазнаў, —
Ён гаспадар, на ўсё ён зараз здатны,
Яму сягоння безліч творчых спраў,
Бо ён баец на мірным полі ратным.

Каменным волатам ты да нябёс узрос,
Красу тваю не змылі навальніцы.
Вянкі гісторыі аздобілі твой лес,
Красуй, наш Мінск — любімая сталіца.