Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

МАНАЛОГ МIТРАПАЛIТА ГЕРАСIМА

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Падчас барацьбы за трон ВКЛ у 1430-х
гадах вялікі князь Свідрыгайла дамогся
ад Канстанцінопальскага патрыярха,
каб Мітрапаліту кіеўскаму Герасіму быў
прысвоены тытул Мітрапаліта Усяе Русі.
Гэта быў першы такі чын у славянскіх землях.
Пасля таго, як Герасім распачаў
перамовы з сапернікам Свідрыгайлы
Сігізмундам Кейстутавічам аб пераносе
мітрапаліцкай кафедру ў Вільню,
маючы на ўвазе ў будучым самаму
атрымаць сан Патрыярха Усяе Русі,
узвар’яваны Свідрыгайла загадаў
спаліць Герасіма ў Віцебску на кастры.

Ратуй нас, Божа, ад пякельных мук,
Здзяйсняльных Свідрыгайлавым намерам!
Iм не бываць, калі ў Цябе мы верым,
Сагнуўшы грэх, нібы сухі аўсюк.
Ці я – грахоўны? Хто адкажа мне?
Хутчэй, што так! Я злодзей і юрлівец,
I застаецца да зламаных сківіц
Адно сцвярджаць: што ісціна – ў віне!
Так! Разумею – страшная віна
I, звыш таго, недаравальны ўчынак
У тым, што я патрапіў, як дзяўчына,
У пастку, што паставіў Сатана!
Але дазволь і мне напрыканцы
Хаця б крыхой маленькай апраўдацца...
Спыніся, кат, паспееш скончыць працу,
Завэндзіўшы мяне на каганцы.
Ты, Свідрыгайла, не Вялікі князь!
Ты праз дымы, агонь і разбурэнне
Рыхтуеш надыход вялізнай дрэні,
Бо тчэш смярцей выродлівую вязь!
Табе не праваслаўе на Літве
Было патрэбна, а адно пагарда,
Каб наўгалоп з шаленствам леапарда
Прыйсці да Вільні ў пэўным харастве.
Але якое ж гэта хараство,
Калі няславай боскі храм разбіты?
Ты можаш пакараць Мітрапаліта...
Караць – тваё прамое рамяство.
Але запомні, зарубі на вус,
Я прадракаю на мяжы курыльні:
Ты перашкодзіў узвышэнню Вільні
I гэтым самым знішчыў Беларусь!
Чаму, пытаеш? Добра, не маўчы,
Я ж бачу, князь, што ты мяне пытаеш...
А таямніца тут, на жаль, такая ж,
Як Сонца – днём, і Месяц – уначы.
Ты як мага шырэй зірні на ўсход,
Дзе маскавіты зубамі дракона
Растуць упарта. Супраць іх да скону
Нам засталося дзвесце-трыста год.
Без згуртаванай віленскай царквы
Нам не адолець новых Чынгісхынаў.
Ці хочаш ты, каб храм Святое Ганны
З Масквы пачуў калісь: – Иду на Вы!
Аднак яднанне кожнага з людзей
Пад сцягам Патрыярха Беларусі
Арду вандалаў сцішыцца прымусіць,
I гэта будзе лепшаю з падзей!
Ды толькі зрок твой слабы і сляпы,
У злосці ён не бачыць нават Віцьбы.
Ох, Свідрыгайла, усё табе паліць бы –
Што хаты, што садомавы слупы...
А я, дзеля радзімы і дабра,
Гатоў гарэць лапцюжным вайдэлотам.
Не кісні, кат, не стой сагнутым Лотам!
Благаслаўляю дым свайго кастра!