Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

МАНАЛОГ РАСТРАЛЯНАГА Ў КУРАПАТАХ

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Я ляжаў у глухой цішыні,
Адпачыўшы ад цяжкіх баталій.
Надмагільных ялін карані
Скрозь рабрыны мае прарасталі.

Тым суглінкам, што грудзі занёс,
Тым кустоўем, над ярам навіслым,
Шар зямны – невыносны, як лёс, –
На мяне наваліўся і сціснуў.

Я спачатку сумеўся ў пяску,
Разгубіўся, не верачы ў тое,
Што цяпер мне на ўласным вяку
Быць пажываю для травастою.

Як жа здарыцца гэта магло,
Хто мяне нейкім жудасным чынам
Пад айчыну шпурнуў у жытло?
А яна – нада мною, айчына!

Я не помніў, як згублена плыў
Чарадою, ужо нежывою.
I падняты падэшвамі пыл
Затушоўваў фігуры канвою.

Тут ішлі каталі, кавалі,
Старычыны і хлопец кірпаты...
А ці хопіць на ўсіх нас зямлі,
Курапаты мае?
Курапаты!

I прываблена поўз да мяне,
Як пітух да напоўненай чаркі,
Па залітай крывёй баразне
Налыгач ланцуговай аўчаркі.

Шамацеў метлюгамі трысця
Долу край, што пясчаная крыпта.
Нас Iосіф выводзіў з жыцця,
Як Майсей – сваё племя з Егіпта.

Я не чуў ані выстралу ў лоб,
Я не бачыў ні сонца, ні лета,
Пасля працы крывінкі саскроб
Лейтэнант з кабуры пісталета.

Толькі ветрык крыху варушыў
Нежывое валоссе-пакулле.
Я памёр. Быццам, як і не жыў.
Я сышоў, перакрэслены куляй.

I зляталі ў спалоху наўгрунь
Птушаняты і воблак калматы –
Нада мною калышацца рунь,
Курапаты мае!
Курапаты!

Я не ведаў наогул тады
Для чаго пад зямлёю сатлею,
Для якой жа такой злыбяды?
I ніколі ўжо не зразумею.

Аб спакоі маім не малі,
Не акурвай жывіцай, кадзіла.
Хціва прагнучы праўды з зямлі,
Як жа мне паквітацца карціла!

Растлумач мне, малітвены дым,
Кім заведзена гэта прычына,
Што спрадвеку ты дзецям сваім
Б’еш наводліў па твары, айчына?

Мо з таго, што ты ўласны народ
Са сваіх пастрасала далоняў,
Ты і валішся ў прорву штогод,
Ты таму і ляціш у бяздонне?

Лівень косткі мае закране,
З паднябесся нясуцца раскаты,
Я ляжу. I не выбрацца мне.
Курапаты мае!
Курапаты!