Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Маналог самотнай шлюхі

Сярэдняя: 4.8 (16 галасоў)

Мутныя шыбы асенняй імгой запацелі.
Выйду на вуліцу і падчаплю на панэлі
Госця, забытага ўсімі ў сваёй сівізне,
Госця, якому ў жыцці яшчэ горш за мяне.

Тайна ўзбярэмся ў хрушчоўку на пятым паверсе.
Бог з ім, хай будзе ён нават аматар перверсій!
(Плату наперад рыэлтар за ноч атрымаў,
Каб раніцой кулакамі дзвярэй не ламаў).

Рыпнуць пад ботам масніцы рассохлай падлогі.
Знімем абутак. Смярдзяць яго потныя ногі.
Шпарка накрыю на стол, разагрэю рагу,
Пляшку дастану, каб ён пазабыў пра тугу.

Посуд памыю, пасцель раскладу бедачыне,
Выключу лямпу і лягу пры любым мужчыне.
Буду кахаць яго, семя пакорна прыму –
Хай ён заплача, і хай палягчэе яму.

Буду ўсю ноч абдымаць, разганяючы смуткі.
Ціха на досвітку знікну, бо сон яго чуткі.
Грошы ў кішэні пакіну яму на яду.
Госпадзі, пахаладнела – я сёння пайду!