Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

МАНАЛОГ СКАРЫНЫ

Сярэдняя: 4.7 (29 галасоў)

Каб толькі дзён апошніх не ўрачы,
Я, далібог, ніколі б не падумаў,
Што лёс мяне закіне ў Чэскі-Крумлаў,
Як чэзлую цяцеру крумкачы.
I што з тае нагоды мне цяпер,
Калі паўвека кайстрай за плячыма
Гняце нарэшце ў дол кроватачыва?
Цалып кашчавай кісцю за каўнер!
Усмешкаю завілістых дарог
Усё жыццё вяла мяне трывога.
I Месяц, роўна як усмешка Бога,
Прыўзняў краёчкаў з’едлівых ражок.
Чаго я здолеў выхадзіць сабе,
Калі быў выгнаны з усіх прытулкаў?
Калі штодня сцірала ногі мулка
Вандроўніцтва ў нягодзе і журбе?
Навошта я пайшоў ад Палаты,
Няўдалы Гутэнберга паслядоўнік?
Я доктар філасофіі… Садоўнік…
Ці гэтага чакаў, Францішак, ты?
Ці гэтага чакаў, калі вясной
Звалакваў з прышласці таемны вэлюм?
Калі шашковы пэндзаль Рафаэля
Твой твар на фрэсцы захаваў сцянной?
Чым я міжволі Бога абурыў,
Што ён, не ўнікшы ў сэнс маіх малітваў,
Параскідаў набор ліцвінскіх літар
Па ўсіх гасцінцах, дзе я толькі брыў?
Я злаяны быў на шляху цяжкім
Схізматыкам маскоўскім у насмешцы,
Масквою я прызначаны ў папежцы,
Літва мяне не лічыла нікім…
Я страціў свой глыбокі ўтульны вір,
Сваё гняздо ды вулей мнагамёдны,
I толькі Чэскі-Крумлаў богаўгодна –
Цяпер мне яма, а падсцілка – жвір!
Кароль табе пазычыў супакой,
Францыск Скарына, доктар медыцыны,
А ты яму жамерыны рыцыны
Затое ціснеш кволаю рукой.
Садоўніцтва! Якая каламуць!
Няўжо мой плён у забыцці загіне?
На ляхах кінаварныя вяргіні,
Што буквіцы на аркушах, цвітуць.
Які цудоўны водар ад вяргінь!
Так на варштаце фарбай пах «Апостал».
Ах, мне б нарэшце наглытацца ўдосталь
Вадою з рук ліцвінскіх берагінь
I свежасцю ад полацкіх вятроў,
Дзе збожжа зорак ззяе ў боскім зрэб’і,
Што літары, пасеяныя ў небе,
Што ўсходы беларускіх буквароў.