Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Начное здарэнне

Сярэдняя: 5 (1 голас)

У трамвай
ускочыў Сон
і шапоча ціха ён:
- Раз,
два,
тры,
чатыры,
за-
сы-
найце,
па-са-жыры!..
Баю-бай! –
ай-я-яй! –
засынае ўвесь трамвай.
Пазяхнуў і сам важаты:
- Ах, як хочацца
дахаты!..

Але раптам паміж зор
бліснуў вокам святлафор.
Ды не жоўтым,
не зялёным,
а чырвоным –
забаронным!

Тармазы-зы-зы! –
рыпяць.
Пасажыры больш не сьпяць.
- Што такое?..
- Як жа гэта?
- Ехаў зайцам, без білета!..
- Ды зрабіў такую шкоду!..
- У бяду ўляцелі б з ходу!..

А важаты
узлаваўся
і крычыць за ўсіх грамчэй:
- І адкуль ты гэткі ўзяўся?
Вон адгэтуль!
Прэч з вачэй!..

Нейкі дзядзька крыкнуў:
- Стоп!
Праз яго пабіў я лоб.
Як цяпер ісці дадому?
Здам за гэта паставому!..

Кажа міліцыянер:
- Што рабіць з табой цяпер?
Так здараецца нячаста,
каб вадзілі Сон
ва ўчастак…

І ўсяго на момант нейкі
паставы заплюшчыў вейкі.
Але тут жа схамянуўся,
азірнуўся,
: - Не, браток,
я не засну.
На пасту мне не да сну!..

Лепей глянь на гэты новы,
новы дом шматпавярховы.
Між вакон,
што ў самым версе,
на шаснаццатым паверсе
ўсё яшчэ гарыць вакно,
хоць пара ўжо спаць даўно.
Там хлапчук
да позняй ночы
засынаць ніяк не хоча.

Мама, тата
і суседзі
пелі хлопцу пра мядзведзя,
пра бычка,
і пра вавёрку,
і пра месяц,
і пра зорку.
Ды пад спевы калыханак
не бярэ яго сціханак.
Можа, ты ім дапаможаш
і малога спаць паложыш?

Развітаўшыся наспех,
Сон у ліфт
хутчэй пабег.
І вось так
у позні час
ён дабраўся
і да нас.