Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Наследаванне Бродскаму

Сярэдняя: 4.3 (23 галасоў)

Ave, Спурый! Як ты, сябра, дні праводзіш?
Ці не здырдзіўся яшчэ ў сваёй сталіцы?
Уяўляю, як ты справы валаводзіш,
Дарагі новапрызначаны патрыцый!

Чыркануў бы ў вольны час хаця б два сказа,
Як ліпіце пры двары альбо ў сенаце.
Слых дайшоў, што Марцыял нанёс абразу
Ювеналу, папракнуўшы ў плагіяце.

Так і бачу гэты казачны гармідар –
Вынікае, як жывы, перад вачыма!
Хто каму пашкуматаў ушчэнт хламіду,
Быццам трапіла ў сядалішча ляйчына?

А мяне зусім лянота разабрала,
Да пухі дабіла, роўна дзюрка ў зубе.
Тут спякотай дзьме, бы ў кузні з паддувала,
Нават ветрык гарачэйшы за Везувій.

Верыш, Спурый, мне абрыдзелі гетэры!
Сіл няма штодня бадзяцца ў лупанарый,
Толькі мямліш сам сабе: «Dum spіro spero –
Я мужчына альбо не!» – Ох, мары, мары…

Хоць па макаўку заліся беладоннай,
Каб канец пакласці гэтай эпапеі.
Я на месцы Празэрпіны і Плутона
Ў кіслы яблык сцёр бы чортавы Пампеі!

Кожны дзень нязменна ўсё адно і тое ж –
Шабалдайства, спячка, ежа, п’янка, тэрмы.
Свет займаеш ды тужліва ў сэрцы тоіш:
Хай жа скончыцца хутчэй бясконцы тэрмін!

Невядомасць раздражняе да пячайкі,
Аж ванітуе, бо ўсё настолькі звычна,
Што тутэйшым гараджанам нават чайкі
На галовы спаражняюцца лірычна.

Слухай, Спурый, ты ж у прынцэпса ў пашане,
Ты жывеш цяпер у ласцы і раскошы:
Прыгадай, што я зняважаны грашамі,
Я заўсёды заяўляў, што пахнуць грошы!

Трэці год сугнеем чэзну нелюдзіма!
Колькі мне яшчэ валэндацца ў апале,
Альбо збегчы ды забраць з сабой радзіму
На падэшвах шытых бісерам сандаляў?

Мсцівы глум мяне грызе, як клоп рэдувій,
Кіпарысы ў шыхце цягнуцца шпалерай
Пахавальнай паўз дарогу, і Везувій
Без упынку з вышыні сягае серай!

Праз хандру такую здохнеш дахадзягай
Пад алівамі найздатнейшай з правінцый…
Ты прабач, што да цябе я з гэтай звягай
Прычапіўся, як да пальца панарыцый.

Не лічы мяне праз тое тухлым мясам.
Штосьці парыць, Спурый, хутка грымне лівень…
Застаецца толькі ўпіцца гіпакрасам,
Каб забыцца цалкам на спякотны жнівень.

Шчыльна шчэлепы залью пад шолах піній,
Я на справу гэту выдзеліў сестэрцый.
О, прабач, бо завітаў Старэйшы Пліній –
Зараз чвякнем! Ах, як цяжка ные сэрца…