Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ПЕРАЧЫТВАЮЧЫ ШОЛАМ-АЛЕЙХЕМА

Сярэдняя: 4.2 (6 галасоў)

«Мне добра – я сірата!»
Шолам-Алейхем

Заблудзіш у часах і раптам выйдзеш
У тым глухім мястэчку, дзе на ідыш
Цябе вароны лаюць неўпапад,
Дзе чырванее вугалямі печка,
I ліпы састарэлага мястэчка
Кадзіш ціхутка шэпчуць – так абрад

На дотык адчуваецца пад вечар.
Ноч – чорны певень, ранак – белы крэчат.
Якую ў слізкай слоце прывітаць
Нягоду? Што за горкая навука?
I мазгавою костачкаю гука
Даецца цішыня, каб паспытаць

На смак і персік, і акрайчык булкі,
Вандруеш у пустэчы хісткай вулкі,
Засмучаны язычнік, Вечны Жыд –
Пашарпаны, галодны і вашывы.
I раптам смех дзятвы каля ешывы
Запэўніць: мы, вядома, будзьма жыць!

Заблудзіш у часах, дзе холад шкляны,
Век апантаны, голад нечуваны,
Ды сакавік ужо ганяе дым...
Зіма адзёрна кашляе і трызніць,
Задышыць асляпляльная старызна
Шчарбатых хат у ветрыку скразным.

I нечы цень вандруе, карчанее
Якімсьці засаромленым сугнеем,
Што змарнаваў зачытаны Талмуд.
Тут неўпрыкмет сплывае час штодзённа,
I сыплюцца хвілін разнятых звёны,
I хлопчык Мотл зноўку блудзіць тут.