Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

РАГАЧОЎ

Сярэдняя: 4.7 (7 галасоў)

Памяці майго дзеда М.А. Лашкевіча

Цягнік спыніўся. Доўгія палі
Ўступілі месца дробнаму паўстанку.
Iмжой аблокі шэрыя скублі
Прадзьмутую з усіх бакоў альтанку.

Рачулка Друць нявесела цякла,
На трох віно цягнулі пустамелі.
Аскепкі ад бутэлечнага шкла
Хрусцелі, як агрызкі карамелі.

О, Рагачоў! Сюды прыехаў зноў
Я, быццам да фамільнай багадзельні.
Куродымам палохаў груганоў
Вялізны комін вугальнай кацельні.

I я падумаў: тая ж прастата,
I тыя ж дні ў штодзённае самоце.
Царква набожна славіла Хрыста,
Людзьмі раскрыжаванага ў ківоце.

Паўз вуліцу – начлежкі і карчмы,
I праз раўчук – раздзёўбаныя кладкі:
Прадзедавы даходныя дамы
Вярэдзілі гурмой мае здагадкі:

Нашто я тут? Чаго забыўся я?
Каму патрэбен з думкамі сваімі?
Бо горад – як далёкая сям’я
З такім упартым, непахісным імем!

Тут не збярог бы нават абярэг!
Мне быў чужым правінцыяльны горад.
Я натыкаўся на калючы смех,
Як беспрытульны пасынак на голад,

Як печкурок на донку рыбака…
Паўзла смуга з чыгункі, што з кадзіла.
Блакітная бляшанка малака
Ўспаміны аб мінулым саладзіла.