Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Размова з Ду Фу

Сярэдняя: 3.7 (10 галасоў)

Чытаю кнігу, за страфой страфу.
Пытаюся — адказвае Ду Фу.

— Скажы, Ду Фу, навошта п'еш віно?
— Забыцца памагае мне яно.
Душа мая пакутуе, рыдае,
не знойдзеш зараз радасці ў Кітаі.

— Навошта ўзяўся за пяро, Ду Фу?
— Каб выказаць свой боль, сваю тугу.
Нялёгка рэкам мутным плыць да ўсходу.
Яшчэ больш цяжка жыць майму народу.

— Ці выкажа ўсё іерогліф твой?
— Што бачу я вакол сябе! Ой, ой!
Блукае ўсюды смерць. Лютуюць банды.
Галодным замест хлеба — барабаны.

— Каму патрэбен барабанны бой?
— Я спадзяюся, што не нам з табой.
Зноў ваяваць задумалі правіцель
Яны тым і жывуць — кровапраліццямі.

— Ты ведаеш, Ду Фу, вайне цану?
— Паходам за Вялікую сцяну?
Дазвольце мне, старому, усумніцца,
што трэба пашыраць камусь граніцы.

— Што бачыш ты яшчэ вакол, Ду Фу?
— Сарвала ветрам ў бедняка страху.
Юнцы смяюцца над старым з пагардай.
Няшчадна глушыць пальму куст паганы.

— А як, скажы, Ду Фу, было раней?
— Было, як помню, лепш і разумней.
Старэйшых моладзь шанавала строга.
Кармілі нават і каня старога.

— Чаму, Ду Фу, пакутуе народ?
— А хіба можа быць наадварот,
калі яго правіцелі — тыраны,
як барсы, жорсткія, тупыя, як бараны.

— А можа уладар інакшым быць?
— Калі ён будзе свой народ любіць
і будзе слухаць мудрыя парады...
Такіх не дапускаюць да улады.

— He вечныя ж, Ду Фу, тыраны, зло?
— I на дракона знойдзецца сіло.
Які б ні быў ён грозны і вялікі,
а прыйдзе час — зламае свае іклы.

— А ты прыдворным мог бы быць, Ду Фу?
— Каб дагаджаць, каб гнуцца у дугу?!
Я з голаду памру, але не буду
лісліўцам, баязліўцам, лізаблюдам.

— He хочаш пець ты на агульны лад?
— Прырода не дае такі загад.
Спявае вунь птушыная чародка,
і ў кожнай голас свой і свая нотка.

— А як бы ты хацеў, Ду Фу, пражыць?
— Свайму народу я б хацеў служыць.
Хацеў бы, як мужчына, жыць без страху,
хацеў бы акіянскага размаху...

Вось так размову мы з Ду Фу вялі.
He падзялялі нас ні дзесяць тысяч лі,
ні сотні год, ні розніца між мовамі,
ні сцены (як старыя, так і новыя).

Быў мне Ду Фу — як самы блізкі друг.
Вітаў над намі чалавечы дух.
Як брат, са мною гаварыў Ду Фу...
...Чытаў я кнігу, за страфой страфу.