Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Шлях

Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

Даланямі прыцісну павекі на вочы –
Разбягуцца кругі
У бязмежнае мора,
Пойдуць хвалямі у акіян,
Здасца шлях
Да жаданае мэты каротшым,
А над берагам шчасця
Загарыцца маяк.

Ад палескага чоўна
Да балтыйскага крэйсера
Праз вякі,
Праз пакуты
Лёг пратораны шлях.
Колькі сцежак
Даўно ўжо забыта,
Закрэслена, —
Ці палічыш, ці ведаеш,
Маці-зямля?

I дзяды, і бацькі
Тут з плытамі
Блукалі
З горкай крыўдай на долю,
На суджаны лёс
I ў легендах,
У казках асілка гукалі
Зняць праклён
З душ людскіх,
З ніцых белых бяроз.

I прыйшоў ён —
Упарты вясляр, і асілак,
I нашчадак усіх
Тых, што ў прышласць плылі,
Сын бацькоў,
Што у рэк
Гордай волі прасілі,
Ўнук дзядоў,
Што гаручыя слёзы
Ў разоры лілі.

Падымаю далоні —
Прамень б'е у вочы.
He на хісткім чаўне —
На магутным плыву караблі,
I што хвіля,
To шлях да жаданае мэты — карочай,
Зырка ззяе маяк
Запаветнай, шчаслівай зямлі!