Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Смак яблыка

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Ён трошкі і як лёд, і як агонь, —
He толькі вуснаў, і душы патрэба.
Узважваю, паклаўшы на далонь,
Духмяны пругкі плод зямлі і неба.
Няўжо і праўда Еву спакусіў
Каварным богам падасланы д'яблік?
Яе зубамі род людскі ўкусіў
Упершыню сарваны з дрэва яблык.
Учынак Евы — нам усім урок:
He збочыла,
Хоць усявышні скнара
Гразіў жанчыне, што за гэты крок
Смяротная яе чакае кара...
Калі б не подзвіг твой, прамаці Ева
(За што табе на ўсе вякі хвала!),
He вабіла б тваіх нашчадкаў дрэва,
Што дорыць нам плады дабра і зла.
Скажыце, хіба не мацней за страх
Смак адкрыцця, якім патомкаў будзім?
Ерэтыкі згаралі на кастрах,
Агонь якіх высвечваў праўду людзям.
Цяжар пазнання, быццам дынаміт,
Я валаку, працягваючы пошук:
Адной рукой — арбіт міжзорных кошык,
Другой — кашолку атамных арбіт.
...Клубок праменняў, трапяткі камяк
Сарвеш — і спеласць зазвініць у жмені.
Укусіш яблык — і адчуеш смак
Святла і цемры, вечнасці ў імгненні.