Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сосны

Сярэдняя: 4.4 (10 галасоў)
                               Змаглі вы буры і марозы,
                               Людской сякеры не змаглі.
                                                             Я. Купала

Малая ўцеха — кожнаму свой час,
Свой лёс, свой лес, свой леспрамгас.
Да вышыні імкнешся ты з даверам,
А понізу цябе — сякерай.

I раны горкія смыляць смалою,
А ты ўсё цягнешся да сонца галавою,
Начамі не даюць спакою сны,
Што ў свеце ўжо ніводнае сасны.

Апошнія, мы ловім з паднябесся
Па кроплі цёплы сонечны прамень
I радуемся яснаму прадвесню,
Вітаем кожны лічаны свой дзень.

Трымаем каранямі жвір сыпучы,
Каб не засохла плынь жывой ракі,
А будзем падаць, дык наводмаш, з кручы
Зялёнаю маланкай — у вякі.
 
I, можа, па  адным зярнятку кволым,
Дзе адшумелі нашыя бары,
Адкрые астраном і вылічыць геолаг,
Які тут грымнуўся метэарыт,

А буйная фантазія паэта
Дадасць, што на касмічным караблі
Ляцелі мы з далёкае планеты,
Але не даляцелі да Зямлі.

... Ва ўсмешцы скрывіцца,
                                       хто нас судзіў сякерай,
He перакажа наш апошні сказ.
Ён так і не паверыў, не паверыў,
Што мы жылі, што мы любілі вас!
Nike