Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ВЯНОК ЗАДЫЯКУ

Сярэдняя: 5 (1 голас)

ВЯНОК ЗАДЫЯКУ

1. ФОРМА

Каб думалі аб вечным і святым,
у зараніцах, зорах, бліскавіцах
глядзіць і ў душы нашыя глядзіцца
жывое неба – невыказны мім.

У створаным усё ёсць прадусім,
не наталіцца з той першакрыніцы --
сапраўдны міг вартуе таямніцы
і вешчбіт той, хто валадарыць ім.

Замкні былое з прышласцю ў вянец,
і, хай пачатку суджаны канец –

паслухаем, што скажаш, мой санет,
якія нам закладзены празоры
у немінучых позірках сузор’яў,
у зморшчынах раздумлівых планет.

2. АВЕН

У зморшчынах раздумлівых планет,
прарэзаных страсцямі, як і цнотай,
ляжыць глыбока прага адзіноты
і мудрасці касмічнай запавет.

Прымі, Авен, душы сваёй партрэт,
ёй дадзены і скарбы, і кляйноты,
ды іх не знойдзеш, зіркаючы ўпотай
на ўласны цень, што засцілае свет.

Не спачывай на лаўрах, як і ў марах –
вой без шчыта становіцца ахвярай.

Агню абраннік, мілы мой ягнец,
хай звон мячоў стаіць на полі Марса,
ты там адно – для форсу, ці для фарсу,
запомні – не спрачаецца мудрэц.

3. ЦЯЛЕЦ

Запомні – не спрачаецца мудрэц,
навошта словам ісціну няволіць?
«А калі маеш сілу, дык тым болей», --
напэўна, так падумаеш, Цялец?

Упартых форм даследчык і стварэц,
ты прагнеш зведаць смак зямное солі,
ды часам там, дзе розум твой і волю
чаруе бляскам -- «залаты цялец».

Усё святое нам даецца дарам,
каб людзі Храм не блыталі з базарам.

Ласун жыцця, спакусе наўзамен –
бо страсці там, дзе гнёзды ўюць хімеры –
адважся пад заступніцтвам Венеры
дзяліць душу, і хлеб свой, і агмень.

4. БЛіЗНЯТЫ

Дзяліць душу, і хлеб свой, і агмень...
О, Гіменей, адкінем гэту коснасць!
Падзелу не прымае сугалоснасць –
дзе стануць сцены, ляжа там і цень.

Як вось зары злучае ноч і дзень
і ў плоць душа святло сваё прыносіць,
так , палюсы яднаючы і восі,
любоў двум сэрцам дорыць свой прамень.

Ды ўзяць той дар не кожны з нас умец.
Жыццё ў прыцягу, адчужае – смерць.

Таму й дарогі сплецены ў вянкі,
каб сталіся знаходкай нашы страты.
Усе па Богу-Духу мы блізняты,
што разышліся ў розныя бакі.

5. РАК

Што разышліся ў розныя бакі,
маўчальнікі святыя, па пячорах?
А тут – шуміць, бурліць людское мора,
каб падзяліць матэрыі шматкі.

Не свет, не час, а шлях Зямлі такі:
адданасць – вольным, вязеням – пакора.
Пара з нары ўзнімацца на пагорак,
наш крыж адно ёсць – падарожны кій.

Не дазваляй душы сваёй змарнець.
Як часта гнаны – зор саміх ганец!

Пяшчотны Рак, ідзі ў жыццё хутчэй,
няхай усё не так – абы не міма.
Пад панцырам – хаваецца ранімасць.
Прадбачлівасць не веданне яшчэ.

6. ЛЕЎ

Прадбачлівасць – не веданне яшчэ.
Вось і мяркуй, што доля наварожыць.
Ад веку лёгка сеецца варожасць,
ды ўсё благое – дзеецца лягчэй.

Куды ні кінеш – з ведамі ямчэй.
Ды, мудры Леў, задумваешся, можа,
чаму часінай так неасцярожна
збіраеш зыск зайздрослівых вачэй?

Бяжы ад тых, каго ты вабіш марна
наіўнасцю ды гордасцю ліхвярнай,

інакш – не асляпіся ў пахвальбе
ні ўладаю, ні сілай, ні заможжам,
як таленты, адказны ты памножыць
усё, што Богам дадзена табе.

7. ДЗЕВА

Усё, што Богам дадзена табе
і людствам невымернае ніколі,
прымі як дар у радасным спакоі,
не знае яснасць зморшчак на ілбе.

Зямная Дзева – ў ласцы і ў журбе
замкнёная ў зняверлівасці кола –
як зерне ўвасабляе хлебны колас,
так ты аднойчы вырасцеш з сябе.

Ды не цягні з мінулага нагару,
той, хто пазбыўся гэткага цяжару –

спасціг адзінства смерці і жыцця, --
падзеленыя ўмоўнасцю двурушнай,
яны – палёт адной двухкрылай птушкі,
шукай між крылаў вечнасці прасцяг.

8. ШАЛі

Шукай між крылаў вечнасці прасцяг,
ды знойдзеш ключ, няйначай, як у вагаў,
каб з нерушшу не зблытаў раўнавагу
на тоненькай вяровачцы быцця.

З агнём ты балансуеш там, хаця –
не больш на гэта трэба той адвагі,
таго памкнення, велічы і прагі,
што ў першым кроку выкажа дзіця.

Пільнуй, каб быў нязгасным каганец,
у цемры шлях – няздольнаму гарэць.

і ўсім святлей ад полымя твайго
тут, дзе вага наступнасць вырашае,
учынак, слова, думка – ўсё на шалях,
ідзе сам-насам бітва: хто -- каго?

9. СКАРПіЁН

ідзе сам-насам бітва: хто -- каго?
Дзеля каго ж на ўхібах ды каменнях
смяротна заліваем раздражненнем
любові паратункавы агонь?

Што толку ў шкадаваннях наўздагон?
Аглухлыя ад віскату сумненняў,
не слухаем уласнае сумленне –
і з джалам сустракаемся яго.

Дзе шчасце – наш прапылены закутак,
адтуль і злоба пырскае атрутай.

Адкрыта ўсім адна дарога – зор,
бо там, дзе свет наш робіцца замкнёным,
ядуць сваіх не толькі скарпіёны.
Жывому – сонца. Вечнаму – прастор.

10. СТРАЛЕЦ

Жывому – сонца. Вечнаму – прастор.
Сцэнарый-лёс паклікае на сцэну –
ляцім стралой запаленай у цемру,
а там – іграй жыццё сваё, актор!

Забудзь на дэкарацыі, убор,
відовішча гульні святла і ценю –
сапраўднасць рушыць прывідныя сцены,
каб зладзіць душаў велічны сабор.

Прырослы бруд – выпальвае пакута,
трывай, Стралец, як хочаш быць раскутым!

Пакінь гурму, як воўчую гайню,
на плошчы не звяртаюцца да Бога.
Каб навучыцца вышняму ў зямнога –
паўзятыя скараюць вышыню.

11. КАЗЯРОГ

Паўзятыя скараюць вышыню.
Не пачынай нічога з кіслай мінай,
бо там, дзе не памкненне, а павіннасць –
страх нараджае слізкую хлусню.

На ўсё глядзі – нібыта ўпершыню,
мы ўсе тут на гадзіннікавай міне.
Хто бавіць час у мроі ды ўспаміне –
прачнецца каля згаслага агню.

Мой светлы друг, пакінем забыццё,
струхлелым хлудам грэбуе касцёр.

Зайздросліваму трэба шмат чаго,
ды багацей – не той, хто нешта мае,
а той, хто можа ўзяць, што пажадае,
таму насмелься прагнуць усяго.

12. ВАДАВіК

Таму насмелься прагнуць усяго,
што толькі гэтак зрушыш ад парога
туды, дзе не патрэбна анічога,
акром пазнання Бога аднаго.

Але на свеце меж і берагоў
знайсці ў бяскрайнасць трудную дарогу –
чысцейшаму ад весняга разлогу
і дзевых навароджаных снягоў.

Свабодай вызначай напрамак руху
і там, дзе ўчуе сэрца, а не вуха,

ты ўведаеш: і шчасцем, і бядой
наносяцца аднолькавыя раны.
Не мітусіся, каб не зблытаць збаны
з жывой вадой і мёртваю вадой.

13. РЫБЫ

З жывой вадой і мёртваю вадой
дзве Рыбы прапануюць нам знаёмасць,
з якіх адна імкнецца ў невядомасць,
куды зусім не хочацца другой.

У кожным з нас хоць трошкі ёсць ад той,
што, далеч захапляючы ў свядомасць,
парваўшы пупавіну аксіёмаў,
на сушу выйшла з хваляю марской.

Ганец глыбінь да высяў, воін духу,
цяпер ідзі «па мору, як па суху» –

на покліч тайнаў, большых ад зямных,
лаві прыцяг інакшых зор і светаў,
пакінь разлік – наш Творца быў Паэтам –
і хай палёт твой не захопіць дых.

14. ЗМЕЯНОСЕЦ

і хай палёт твой не захопіць дых,
як там не знойдзеш слоў і разуменняў –
яны патрэбны тут, дзе лёс і цемень
мяжуюць нас на грэшных і святых.

Няма апораў у вышынях тых,
калі зірнуць адтуль – мы летуценні
саміх сябе... Ну, што ж, абы не цені,
хай будзе светла ў далечах тваіх!

Ты сам – ёсць шлях, а сэнс жыцця – Жыццё,
даўнейшае за свет і небыццё.

Забудзь усё – і ўспомніш наканец:
каб новае магчымасці пачацца,
у кожным мігу ёсць адсутнасць часу.
Замкні былое з прышласцю ў вянец.

15. ЗМЕСТ

Замкні былое з прышласцю ў вянец,
не спачывай на лаўрах, як і ў марах,
усё святое – нам даецца дарам,
ды ўзяць той дар не кожны з нас умец.

Не дазваляй душы сваёй змарнець,
бяжы ад тых, каго ты вабіш марна,
ды не цягні з мінулага нагару,
пільнуй, каб быў нязгасным каганец.

Дзе шчасце – наш прапылены закутак,
прырослы бруд выпальвае пакута.

Мой светлы друг, пакінем забыццё,
свабодай вызначай напрамак руху,
ганец глыбінь да высяў, воін духу,
ты сам – ёсць шлях, а сэнс жыцця --
Жыццё.