Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Біяграфія Ларысы Геніюш

geniush.jpg

Нарадзілася 27 ліпеня (9 жніўня па старому ст.) 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля вёскі Воўпа Гродзенскага павету Гродзенскай губерніі (цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці, г.п. Зэльва). Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). У 1937-1948 жыла ў Празе. У сакавіку 1943 стала Генеральным сакратаром урада i займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архiва БНР. 5 сакавіка 1948 арыштавана з мужам у Вiмперку (Чэхiя) і 12 жніўня iх перадалi савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў мiнiстр Дзяржбяспекi БССР Л. Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архiвы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбывала ў лагерах Iнта i Абедзе (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтавана, тэрмiн пакарання зменшаны да 8 гадоў, якiя ўжо прайшлi з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасялiлiся на радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гiмназii, а друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх перыядычных выданнях «Ранiца», «Беларускi работнiк», «Новы шлях» і iнш. У 1942 у Празе выйшаў першы зборнiк яе паэзii «Ад родных ніў» . Пiсала вершы i ў зняволеннi. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусi зборнiк "Невадам з Нёмана". Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялi выступаць толькi як дзiцячай пiсьменнiцы (апублікавала дзве кнiжкi вершаў для дзяцей). Выйшлі зборнікі паэзіі «Невадам з Нёмана» (вершы і паэма, 1967), «На чабары настоена» (1982), «Белы сон» (1990), паэтычныя кніжкі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь!» (1976). У часопісе «Спадчына» надрукавана паэма «Маёй бабусі» (1989), у часопісе «Маладосць» - аповесць «Споведзь» (1990).

Пасля заняпаду таталiтарызму пасмяротна былi выдадзены найбольш поўныя i значныя зборнiкi яе твораў. Пахавана ў Зэльве.