Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вольга Іпатава

Сярэдняя: 4.1 (22 галасоў)

Адмаўлялі маю радзіму,
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.

А цяпер, драпежныя, дзеляць,
Як вялікі каштоўнейшы прыз,
Фаліянты старыя, што ў келлях
Мае продкі спісалі калісь.

У вялізных шумных сталіцах,
Дзе шукаць цяпер адрасы?
Як палонныя, на паліцах
Дрэмлюць слуцкія паясы.

Аж трымцяць, трымаючы дзверы.
Для забаў
– хай зайздросціць Парыж! –
У калекцыі мільярдэра
Ефрасінні Полацкай крыж.

Ім хацелася, мецэнатам,
Тых калекцый папоўніць груз:
У свае заморскія шаты
Залучыць саму Беларусь.

Адабраўшы даўняе гора,
Зрабаваўшы слёзы і пот,
Захацелі, каб на гісторыю
Назаўжды забыўся народ.

Вось чаму столькі год радзіму
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.



Сярэдняя: 4.2 (16 галасоў)

Той, хто зараз на троне,- ён духам жабрак.
І вяршыня яго — мерседэсы ды корты.
Ты ж дык знаеш, асветніцкай нівы батрак,
Што бывае з душою, прададзенай чорту.

Чый парушаны будзе святы запавет,
Як хоць кропляй крыві замацуеш пергамен…
Ты ж спасціг, што у гэты прыходзячы свет,
За сябе і за продкаў трымаеш экзамен.

Не на тое прыйшлі, каб спакойна сядзець
На каленях улады ціхмянай балонкай,
І маўчаць, і наўмысна ў той бок не глядзець,
Дзе народ твой ў бяздонную цягнуць палонку!