Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Яўген Скібскі

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

…але аднойчы выходзіць на бераг язь
з срэбнай усмешкай
і кажа табе
“вітаю!”
Н. Кудасава

Бывае з кожным: каторую ноч не спіш…
Хто свае крыўды раскладвае па палічках,
а хто, адзіноце бяссоннем сплаціўшы чынш,
язёў касякі бясконца можа падлічваць.

Куды ж ад смутку – весці карову ў бор?
Ці ў збожжа схавацца, вырыўшы там укрыцце?
А мо да ракі, дзе хатку будуе бабёр,
і прасядзець там усе свае колькі жыццяў?

З такімі думкамі цяжка зусім улетку.
Ды й лета так сабе: вятры, дажджы, навальніцы…
Мо з гэтай халеры прынесла сюды паэтку,
каб рухам бясконцым студзёнай вады натхніцца?

Ды неўзабаве нешта вобземлю бразь!
З віроў, прахалод і плыняў рыбіна дома
на бераг скочыў надта ж вялікі язь –
таксама паэт, як потым стала вядома.

Усмешка - срэбная, вочы - два вугалькі,
як кіне позірк – быццам з нябёсаў знічка.
А вы адчулі, што адбываецца ля ракі
двух галасоў таемная пераклічка?

Глядзіць на паэтку, з усмешкай яе вітае
язь, быццам будуе міжвідавыя стасункі.
Куды завядзе ён, нібыта лесвіца завітая,
лёс наш, здольны на здрады і падарункі?

А язь да паэткі імкнуўся і так і сяк.
Яна ж прымервала ў думках – наколькі доўгі,
справа ў тым, што паэтка – яшчэ і рыбак,
ды язю гэта было нажаль невядома.

Яму бы плаваць, занятак гэты прыдатны
для язя болей, чым аб паэтках зямных трызненне…
…Пад плаўніком ля сэрца потым знайшлі нататнік
з нізкаю вершаў пра мімалётнасць імгнення.

08.07.2020



Сярэдняя: 3 (1 голас)

Ад імя і без даручэння
Дробным катам былых часоў
Гэта змрочнае прысвячэнне,
Гэты выбух ажыўшых слоў.

Хто забіты, хто – напалову,
Губіць час невядома дзе…
Мы ж не лезлі вам у галовы
І не кралі вашых ідэй,

Мы ж не лезлі вам у кішэні,
Не бурылі вашых муроў.
Дык чаму мы для вас – мішэні?
Дык чаму мы накшталт звяроў?

Мы ж не лезлі ў вашы душы,
Каб сумленней стаць і цвярдзей,
Вашы душы – гнілыя грушы:
Дакранешся – будзе смярдзець.

Вы глядзіце вачыма шклЯнымі,
Як у дохлага жабяня,
Але ж МЫ ляжым пастраляныя –
Цішыня…

Ветры нам паніхіду выюць,
Але ўсё, што вам трэба ведаць:
Нашы душы заўжды жывыя -
Ні драпіначкі, ані сляду.

15.01.2020

Дзякую за рэдактуру гэтага верша шаноўнаму Міколу Адаму, загадчыку аддзела паэзіі часопіса "Маладосць"