Гэты свет, як вялізны шматтомнік,
Быў прачытаны мной да канца.
«Загарніце мне ў снег падаконнік», –
Турбаваў я зімой прадаўца.
I, застылым прадбачаннем шэрым,
Што не цэніць жыцця нічыйго:
«Для каго?» – ён пытаўся з ашчэрам. –
«Для мяне. Для мяне аднаго».
Адмаўляючы старасць і кпіны
На шаўковай паверхні ліста,
Прасякалі сузор’і бразгліны
З апраметнага ўлоння куста.
Расчынялі зямныя вантробы
Спакушэнні для тонкіх галін.
«Хто спазнае такую аздобу?» –
«Я яе скарыстаю адзін».
Палымяна, не маючы мэты,
Перапырхвалі ў лісці шчаглы.
Прарастала янтарнае лета
З памяранцавых кропель смалы.
I звінела ў нябесных разломах,
I бязладна гуло ў збажыне.
«Для каго гэты спеў насякомых?» –
Для мяне... Для мяне. Для мяне!»
Нават шыбы я выставіў вонкі,
Каб пашырыць свой картачны дом.
За акном шамацелі старонкі
Ўперамежку з картавым дажджом.
I, спужаўшыся звілін сюжэта,
Я ўтаропіўся прагна ў зіму...
Хіба бездань бясконцая гэта
Будзе суджана мне аднаму?
"Гэты свет"... Радуюся:
"Гэты свет"... Радуюся: беларуская паэзія, як першы снег - чыстая, першародная, неспазнаная... Калі-небудзь свет зробіць адкрыццё.
Папала на сайт выпадкова, а колькі асалоды ад паэзіі. Ёсць такія шэдэўрыкі...
ДЗЯКУЙ
Глеб! Ашаламляльна! І гэты
Глеб! Ашаламляльна!
І гэты верш войдзе ў абранае з Вашых лепшых твораў!
Мелодыка, вартая гучаць песняй, непараўнальны легкі гумар, настальгія і радасць жыцця
утварылі шэдэўр!
Віншую ад усей душы!
Натхнення Вам і творчых поспехаў!
Lazzaro
Магчыма толькі, просіцца
Магчыма толькі, просіцца так:
Непрачытаны мной да канца.
Бо, як ні чытаем, усяго не прачытаць ніколі, аб чым і сведчаць наступныя радкі верша.
Lazzaro
Я згодны. "Непрачытаны" -
Я згодны. "Непрачытаны" - лепш. Дзякуй за падказку.
Дзякуй, паважаны мой сябра!
Дзякуй, паважаны мой сябра! Магчыма, вы i маеце рацыю. Трэба падумаць.