Гэтулькі ўва мне святла,
Любая,
Што забыў, як ты была
Згубаю.
Гэтулькі ўва мне вясны —
Крэўнасці, —
Што забыў пра гора-сны
Рэўнасці.
Гэтулькі ўва мне цяпла
Роднага,
Што забыў, як ты знайшла
Роўнага.
Рознае ў нас было,
Ветлая,
Каб аднойчы, ды знайшло, —
Светлае.