Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

24 верша пра каханне

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

1.
Сустрэча з Вамі так дарэчы:
Хадзіў пахмурны, нібы ў сне,
А зараз я расправіў плечы,
Няма на сэрцы той пустэчы,
Што болем дапякала мне.

Няма турбот і хваляванняў –
Вы мне ўсміхнуліся. I вось,
Бывай, галоўнае з пытанняў,
Збылося лепшае з жаданняў:
Я сёння Ваш таемны госць.

Пачуцці Вашы не абражу,
Мне гэты момант дарагі.
Юрлівасць змыў з сябе, як сажу.
Дазвольце, вершам Вас уражу?
Дазвольце прачытаць другі?

Я Вам пішу ... я Вам чытаю,
З душы прагнаўшы зграі хмар,
I перад Вамі снегам таю,
Травой калені абдымаю,
Цалую ветрам любы твар.
10.05.2014

2.
Застанься. Ноч у чэрвені плыве
Да досвітку сляпым, кароткім шляхам.
Давай прысядзем моўчкі на траве,
Што прарасла пад неба зорным дахам.

Тваіх вачэй блакітных вадаём
Хвалююча нагадвае пра мэту:
Пачуць твой смех, што льецца ручаём,
Ім захапіцца, нібы цудам свету.

Дазволь крануць мне хвалі валасоў,
Адчуць іх водар – мяты і палыну!
Шукаў цябе з няўрымслівых часоў –
І вось сустрэў каля старога млына.

Там, дзе каханне дыхае скрозь час,
Дзе праз лістоту ліпы бачны месяц –
Там сябра-чэрвень павянчае нас
Не на адно жыццё – на цэлых дзесяць.
23.06.2013

3.
Згасае дня святло ў акне ...
Не дадавай пачуццям кошту.
Чаму сустрэла ты мяне?
Навошта?
Нашто пад гукі палкіх фраз
Глядзела ў вочы мне таемна?
Дарма патрацілі мы час.
Дарэмна.
Цяпер кахання пачуццё
Спектаклю дрэннаму падобна.
Відаць, працягваць нам жыццё
Асобна.
03.11.2012

4.

Я губляю цябе ў недарэчнасці фразаў,
Я губляю цябе ў абыякавым нечым.
Паміж намі каханне – як-быццам зараза:
Мы кахаем адзін аднаго, нібы лечым.

Я знаходжу цябе ў мімалётным і ўяўным,
Я знаходжу цябе на паветрана-белым.
Снег кладзецца прасцінай і подыхам плаўным
Ты бянтэжыш мяне па-дзіцячы, нясмела.

Я кахаю цябе бескарысліва, светла,
Я кахаю цябе, так адкрыта і чыста.
Адчыні свае створкі і дай мне паветра,
Адкажы пачуццём узаемным, празрыстым.

22.02.2013

5.
У цемру ночы, быццам у пустэчу,
Глядзяць мае ўстрывожаныя вочы:
Чакаю я, чакаю я сустрэчы,
Сустрэчы з тым, хто мне прызнацца хоча.
Прызнацца, як зняможыўся ў пустыні
Халодных душ – шукаць білет ільготны,
Стаміўся прасаваць спіной прасціны
І маляваць "пастэльныя палотны".

Як мне сябе паводзіць пры сустрэчы?
Прыняць і дараваць, забыўшы крыўды?
Накрыць на стол, абняць рукамі плечы,
Як быццам вечна ён са мною быў ды
Не кідаў подла ў роспачы смяротнай,
I не ўцякаў у ноч аднамаментна?
Мо, падмяніць білет яго ільготны
Аселага жыцця абанементам?

Гляджу я ў цемру ночы, у пустэчу –
Не, не дарэмна Бога я прасіла.
Чакаю я, чакаю я сустрэчы,
Сустрэчы з тым, каго прагнаць не ў сілах.
23.12.2012

6.
Сэрца маё – толькі табе адной
З гэтых часоў і да апошніх дзён.
Не падзяліць нас ледзяной сцяной,
Ты для мяне – нібы дзівосны сон.

Ты для мяне – песнi цудоўнай гук,
Спеў ручая, травеньскі гоман птах.
Буду чакаць дотык ласкавых рук,
Буду дзяліць ежу з табой і дах.

Наша жыццё – выпрабаванне душ.
Я так хачу вечна цябе кахаць.
Ты назаві словам кароткім – “муж”,
Ты назаві – буду ўвесь час чакаць.

08.01.2015
7.
Ні слова, нi паўслова не кажыце,
Блакітны погляд ваш – само прызнанне.
Вы васільком разгубленым у жыце
Дрыжыце ад раптоўных дакрананняў.

Вам пазайздросціць кветачка любая:
Вы ў сэрцы беларуса назаўсёды.
Мне поглядаў саромлівых хапае,
Каб страціць галаву ад асалоды.

Калі я вас сустрэў, прыцішыў крокі,
Мяне вы так раптоўна паланілі.
Хацеў забраць з сабой у шлях далёкі,
Але вас карані не адпусцілі.

Красуйцеся далей, у дзень вясновы
На тонкай ножцы крохкі свет трымайце.
Я не забуду погляд васiльковы,
І вы мяне, прашу, не забывайце.

10.10.2015

8.
Я не ведаю, што будзе з намi,
I цi здолею вытрымаць гэта:
Думкi складваюцца ў арыгамi –
Закаханасцi позняй прыкмета.

Думка першая робiцца птушкай,
У паветра iмкнецца, на волю,
Каб табе распавесцi на вушка,
Што каханне не пройдзе без болю.

А другая – прыгожая думка –
Атрымалася сонечнай кветкай,
Будзе добрым табе падарункам,
Пачуцця непагаснага сведкай.

Думка трэцяя склалася ў хатку,
Вокны, дзверы зраблю – запрашаю.
Я кахаю цябе без астатку,
Ды, здаецца, не я ўсё рашаю.

Нехта зверху смяецца над намi,
Прымушаючы думаць няспынна.
Думкi складваюцца ў арыгамi…
Гэта я так кахаю, Iрына.

10.07.2015

9.
Закахаўся я шчыра, сур'ёзна,
Бо я ўвогуле хлопец, што трэба.
"Гэта скончыцца, рана ці позна" –
Усміхаецца сонейка з неба.

Я кажу, што кахаць буду вечна
Толькі тую, адзіную ў свеце…
"Гэта скончыцца, сябар, бясспрэчна" –
У адказ надзімаецца вецер.

Я крычу, да сенсацый ахвочы,
Пра каханне скрозь час і прастору.
"Гэта скончыцца, хлопец, аднойчы" –
Ціхім шэптам адказвае мора.

Ну чаму, адкажыце, чаму так
Безнадзейна, сябры, безвыходна? –
"Ходзяць побач каханне і смутак,
І ніхто іх не бачыў асобна».

13.07.2015
10.

Зрабiўшы крок, задумаўся ў журбе:
Мiж намi вёскi, рэкi, людзi, лёсы…
Цi здолею дабегчы да цябе,
Калi жыццё – бясконцыя палосы?

Святло i цемра боруцца ўва мне,
А дзе дабро, дзе зло – незразумела.
Чакаю, толькi зорка падмiргне,
У госцi да цябе прыходжу смела.

Зблiжае нас на нейкi момант ноч,
Ахоплiвае цудам захаплення,
Кажу сабе: "Хутчэй да шчасця кроч,
Паўзi, у кроў збiваючы каленi!»

Абдыме дзень турботнай мiтуснёй,
I я ў святле ягоным растваруся.
Пытаюся: «Цi будзеш ты маёй?»
I сумна сам сабе ў адказ смяюся.

30.06.2015

11.
Недарэчныя словы – люстэрка майго пачуцця.
Я, акрылены i ўсхваляваны, пiшу гэты лiст.
Прызнаюся адкрыта (i я не зраблю адкрыцця),
Што гуляю ў каханне, паколькi я дрэнны артыст.

Я гуляю, бо мне падабаецца, як Вы мяне
Называеце Сержам – ласкава, пяшчотна, пры ўсiх.
Хай жаночае шчасце нiколi Вас не абмiне,
Я таксама шчаслiвы – каханнем абуджаны псiх.

Я вар'яцтва сваё не стрымаю – хвароба мацней
I мацней забiрае ў палон. Нi пры чым урачы.
Вусны шэпчуць "Ірына "... ды толькi нябачна агней,
Ваш гарэзлiвы позiрк для i ншых гарыць уначы!

26.06.2015
12.

Спявала лета, сонейкам сагрэтае,
Цябе сустрэў даволі нечакана я.
Удзячны лёсу за спатканне гэтае:
Адну, цябе адну шукаў, каханая.

Была ты для мяне нязбытнай мараю,
Далёкаю, для іншага прызначанай.
Мы хутка сталі непарыўнай параю…
Шкада, што часу шмат дарэмна страчана.

Што сорам? У пачуццях я нястрыманы,
Маіх таемных мараў палюбоўніца,
Ступіў на слізкі шлях падману ды маны –
Ад шчасця не магу свайго адмовіцца.

02.07.2015

13.
На цуд не спадзяюся летуценна,
Не клічу, як юнак, на сенажаць,
Дазвольце проста прыхіліць калена,
Каб пра свае пачуцці нагадаць.

Дазвольце быць заўсёды з Вамі побач,
Абараняць у небяспечны час.
Даруйце мне загубленыя спробы –
Спрабую iншым стаць апошнi раз.

Я адчуваю Ваш уплыў станоўчы,
I вернасцю за гэта адплачу.
Дазвольце проста з Вамi крочыць моўчкi…
Мне аднаму – Сяргею Махначу.

30.06.2015

14.
Думкі мае сёння лётаюць недзе,
Нібы галодныя птушкі.
Я закахаўся ў прыгожую лэдзі,
Вершы складаю, як Пушкін.

Мне падысці да багіні нязручна:
Лапці мае выйшлі з моды.
Сам над сабой насміхаюся гучна,
Сумна мне з гэтай нагоды.

Што закахаўся, і сам я не рады.
Марыць пра дзіўнае хопіць!
Я не прыгожы, і я не багаты –
Просты саромлівы хлопец.

Ад безвыходнасці, з гэтага суму
Йшоў я далёка ці блізка,
Раптам, руку я ў кішэню засунуў…
Бачу – папера, запіска!

Роўныя літары, почырк выразны,
Словы – душы маёй кродзеж:
"Хлопец, прыходзь, як сцямнее, да лазні –
Новыя лапці там знойдзеш!"

04.06.2015

15.
У той момант, калі вас сустракаю,
Дакранаючыся да чысціні,
У шаўковых валасах я знікаю,
Сон губляю ад вачэй глыбіні.

Побач з вамі мне стаяць небяспечна –
Сэрца ўспыхвае iмгненна да вас.
Я асуджаны пакутаваць вечна –
Не ўратуе закаханага час.

Словы простыя сказаць вам спрабую,
Але мову адымае маю.
Я гатовы знесці муку любую –
Перад вамі на каленях стаю.

Падарыце, калі ласка, надзею,
Адкажыце мне ўзаемным цяплом –
Я сумневы вашы хутка разьвею,
Узмахнуўшы ад натхнення крылом!

25.05.2015

16.
Пачуй мой голас – музыку кахання,
адчуй надрыўны плач маёй душы,
надзею дай на хуткае спатканне.
Ляцяць, нібыта смелыя стрыжы,
пад пералівы струн маёй гітары,
пад шум дажджу – ляцяць у вышыню
мае, з табою звязаныя, мары –
адчуй іх цеплыню і дабрыню.
Застанься для мяне не проста сябрам,
які да шчасця расчыніў вакно,
не эпізодам яркім, не стопкадрам –
бясконцай стужкай нашага кіно.

10.04.2015

17.
Пакуль ты спіш, гайдаецца зямля бяляваю дзяўчынкай у сусвеце,
Сады квітнеюць, нiбы ў першы раз, губляючы пялёсткаў белы снег.
Пакуль ты спіш, я для цябе пішу. Старонкі перагортвае мне вецер,
Чарніліцы азёраў зіхацяць, і час спыняе свой адвечны бег.

Пакуль ты спіш, я мару аб жыццi, дзе будзем мы ісці з табою разам,
Дзе знойдзе нас каханне ўпершыню – бязмежнае, як чысты далягляд.
Ты спі пакуль, далёкім будзе шлях. Яго прайсці павінны мы сам насам
З усім, што нам падрыхтаваў наш лёс. Калі прачнешся, знiкне шлях назад.
08.05.2014

18.
Рукі твае – дзве свабодныя птушкі,
Вочы – азёры блакітныя.
У валасах развіваюцца стужкі,
Вейкі дрыжаць аксамітныя.
Страціў з табой я і мову, і волю –
Ты захапіла ў палон мяне.
Сэрца не камень – скуголіць ад болю.
Яркiмi ўсмешкамі-промнямi
Ты выяўляеш дыягназ, i лечыш,
Лечыш мяне пацалункамі.
Наша каханне заўсёды дарэчы,
Нiбы абмен падарункамi.
Ты мне падорыш надзею і веру,
Я табе – сэрца адданае.
Гэтае шчасце не мае памеру,
Быццам мы небам абраныя.
29.04.2014

19.
Ты падкрадзешся ціха, нібыта здрадніца, сцiплай усмешкай заманіш мяне ў палон, i на маё – табе: “Прывітанне, Пятніца", шчыра, пяшчотна працягнеш сваю далонь. Я на далонь табе пакладу вясновае, чыстае неба – пад колер тваіх вачэй. Хустка твая, як сонца яскрава-новае. Ты мне аддай яе наўзамен хутчэй.

Толькі скажы, i ноч надыдзе бясконцая. Хочаш, я хуткi час для цябе спыню? Я табе i каханы, i абаронца я, бо я цябе кахаю i бараню. Дзесьці за цёмным лесам садзіцца сонейка, ветрам даносяцца музыка, галасы. Нехта спявае пад пераліў гармоніка…. Гладжу рукамі я твае валасы.
06.05.2014

20.
Мы сустрэліся не выпадкова –
Нібы з возерам звонкі ручай.
Дастаткова адзінага слова,
Каб прыйшло пачуццё праз адчай.

Дастаткова адзінага жэсту,
Каб навечна згубіць галаву.
Я пабачыў тады не нявесту,
А святло, да якога плыву.

Мы сустрэліся, разам зліліся,
Кожны момант хвалюючым быў.
Нёс цябе я скрозь зорныя высі,
І трымаў, і жадаў, i любіў.

Ты кахала мяне так бясконца,
Як я нават не мог уявіць...
О, багіня, о, яснае сонца!
Без цябе маё сэрца баліць.

Без цябе звар'яцеў, страціў мову,
І штодзённа блукаю ў журбе.
Мы сустрэліся не выпадкова…
Ты чакай, я іду да цябе.
23.02.2014

21.
Каханне - чараўніцтва забыццё.
Я бачу сны - яно мне толькі сніцца.
Чакаць яго гатовы ўсё жыццё,
Як быццам ...

Нічым не абмяжоўвайце душу,
І пачуццё павінна ў ёй прыжыцца.
Надзею на каханне я нашу,
Як быццам ...

Анёл ціхенька за плячо кране,
І ў гэты час павінен цуд адбыцца:
Скрозь сны каханне прыйдзе да мяне,
Як быццам ...
23.08.2013

22.
Я ведаю, што болю больш няма,
Што зараз трыццаць восьмая зіма
Маёй душы наіўнай гоiць раны.
Таму iзноў вяртаюся туды,
Дзе быў патлаты, дзёрскi, малады,
Жыццём яшчэ не біты i не драны.

Там я кахаў дзяўчынку з класа "Б",
Не мог убачыць іншых ля сябе,
Пісаў ёй вершы і дарыў букеты.
Але жыццё - раўнівая мадам.
Мае пачуцці адгарэлi там -
Імклівыя сігнальныя ракеты.

А зараз усміхаецца мой лёс,
Ён даўні ліст праз 20 год прынёс -
Там я ўсур'ёз пісаў кахання словы.
Памылкі ў тэксце, быццам у жыцці.
Прабач мяне, мой бог, і адпусьці -
Сказаць прыгожа не хапае мовы.
13.01.2013

23.
Давай ужо не будзем больш аб тым,
Што ты і я - дзве розныя планеты,
Што бачыш у кашмарных снах мяне ты,
Што нашыя адносіны, як дым ...
Давай ужо не будзем больш аб тым.

У вочы дай мне шанец зазірнуць,
Каб зразумець, што сваркі паміж намі,
Як злыя мухі, робяцца сланамі,
Перашкаджаюць згоды дасягнуць ...
У вочы дай мне шанец зазірнуць.

Давай, у рэшце рэшт, мы знойдзем шлях
Туды, дзе нас чакае толькі згода.
Хай дрэннае жыццё з пачаткам года
Накрые снегам белым у палях.
Давай, у рэшце рэшт, мы знойдзем шлях.
31.01.2014

24.
Не здзіўляйся. Нібы першы снег –
Майстар ухіляцца ад адказу –
Я ад слоў тваіх гарачых збег.
Толькі пацяплела - збег адразу.

Мне сваю пяшчоту не дары,
Рызыкую ад яе памерці .
Я хаваю холад унутры
Некалі параненага сэрца.

Гэты холад прытупляе боль,
Закахацца не дае па-новай.
Мне каханне, нібы ў рану соль:
Вось такую я зрабіў выснову.

Не кранай маіх сардэчных крыг,
Не здзіўляйся, што я ўцёк так жвава.
Хопіць слёз, не трэба больш адліг,
Быць з табою я не маю права.
06.02.2014