Стаіць маўкліва крыж на раздарожжы,
Уздыхае цяжка, бы яго трывожыць
І не дае спакою ні на дзень
Лёс тых, што ўзнялі яго, людзей.
Не раз ён прыкрываў іх ад віхуры,
Завеі снежнай і варожай буры.
Не даў пераступіць мяжу хваробе,
І сустракаў ён першы, і праводзіў.
Наканавана так яму адвеку:
Быць абярэгам добрым чалавеку...
А ўдзячныя за гэта паляшучкі
На плечы пакладуць ручнік бялюткі.