Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Адкуль прыводзіць сонечны заход...

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)
                                            Генадзю Бураўкіну

Адкуль прыводзіць сонечны заход
Шчымлівых дум нястройныя чароды?..
Як быццам свет над прорвай стаў на дрот:
Ці пройдзе, ці сарвецца назаўсёды?
Ніхто не знае — ні чарот сівы,
Ні плёс з адбіткам аблачын чырвоных, —
Адкуль у неба гэткія правы,
Каб наш пагляд палоніць заімглёны?
Куды ляціш, маўклівы чалавек,
За чым імкнешся? Сонца зноў узыдзе.
— Я не за ім — я сам шляхі адсек
I толькі на сябе за гэта ў крыўдзе.
Яшчэ крыўдую, можа, на зямлю:
Што так яна мяне прываражыла,
Што так яе пакутна я люблю,
Што так намёртва мне звязала крылы...
Як гэтай рэчцы не спазнаць намер,
З якім яна плыве да акіяна, —
Так з берагоў яе імкне цяпер
Мой думны позірк, мной не разгаданы,
Да рысы той, дзе неба і зямля
У Полымі сыходзяцца вячэрнім...
I смутак мой — бо гэта знаю я —
Што ад зямлі не будзе адрачэння...
Гляджу на развітальную зару,
Што лёс мой даляглядам перасекла,
I не малюся — з небам гавару.
А гэты міг — дастойны чалавека.