Пацешная,
Між вербаў ніцых
Арэшына
У завушніцах.
Цыбаты падлетак,
Яна надзела
Іх толькі сёлета
І то ў нядзелю.
І ўся выблісквае,
Высвечвае
Такая блізкая,
Сардэчная.
Мая націначка
З вяснушкамі,
Дзяўчыначка,
Давай пагушкаю.
Траха да крохкай
Дакрануся –
І ты ўся ў лёгкай
Завірусе,
А залацісты
Пылок лажыцца
На лес бязлісты,
На ігліцу,
На ўсё зарэчча,
На палянкі,
На нашу стрэчу,
А берасцянкі
Высвістваюць
Ужо ў тумане,
Вітаюць чыстае
Каханне,
Маю арэшыну
У агеньчыках,
Навекі грэшную,
Нявенчаную.
І зараз помню
Да драбніцы
Світання промні
Ў завушніцах,
Гаркавы водар
Балігалову,
Што і праз годы
Займае мову.
Такі бясконцы
Мой давер быў
Да ласкі сонца,
І да вербаў,
І да прадвесня,
І да выраю,
Да ціхай песні,
Самай шчырае.
Гары,
Палай, мая арэшына,
Маё жывое шчасце
Першае.
прырода и жывелны свет
прырода и жывелны свет