Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА АНТОНА СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКАГА

Яшчэ не ацэнена

(7.02.1892—7.03.1983)

Ты сёння паўстанец, а заўтра—святар,
А потым ізноўку—вайна і астрог.
У Слуцку апальвае хмары пажар
І попел, як снег, у каўдобах дарог
Ляжыць і па ім аніхто не ідзе.
І толькі галодныя бальшавікі
Начамі і днямі, нібыта ваўкі,
Пужаюць, страляюць тутэйшых людзей,
Якія адвеку хацелі тут жыць
У вольнай краіне і вольнымі быць,
І Богу маліцца на мове сваёй.
З табой случакі і для іх ты герой,
Як кожны герой, хто за волю паўстаў
І сёння ля вогнішча ў пошуме траў
І дрэў векавых чуе песні дзядоў,
Якія сваю пралівалі тут кроў
За волю, якая ніколі сама
Не прыйдзе, а прыдзе—астрог, як зіма…

І сыдзе зіма, край пазбавіцца крат,
І вырасце новы і горад, і сад,
Дзе будзе душа твая вольная жыць
І над Беларуссю з бусламі кружыць…

12.07.2011