Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА КАНДРАТА ШНІПА

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

(1820—1916)

…А ты—ляснік і лес—твой панскі дом,
Зялёным перапоўнены святлом
Шуміць і не дае спакою ўсім
Ні чужакам-падпанкам, ні сваім,
І лес журботны, як журботны ты,
Бо, як віхор, лятуць, лятуць гады,
Ламаючы, нібыта дрэвы, лёсы.
І ўсё-ткі беларускія бярозы
Растуць і асвятляюць родны свет
І на касцёле крыж і на царкве.
А Бог, як нашая зямля, адзін.
Рака вясной выходзіць з-пад ільдзін
І не стрымаць раку, нібы народ,
Які сляпы, да часу, нібы крот.
А ты—ляснік і лес—твой вечны дом,
Дзе пыл і кроў змываюцца дажджом,
І слёзы, выспяваючы ў душы,
Бы ў вечнасці, губляюцца ў дажджы,
Які ідзе, нібыта час ідзе,
Дзе нехта ўстане, нехта—упадзе,
Але не спыніцца ніколі час,
Дзе ты ўжо быў і дзе не будзе нас…

7.12.2005