Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА РАМУАЛЬДА ТРАЎГУТА

Яшчэ не ацэнена

(16.01.1826--5.08.1864)

Двухгаловы арол над Айчынаю кружыць
І табе зразумела чаго хоча ён.
На шляху у чужынцаў крывавыя ружы
Зацвітуць, і іх змые блакітны наш лён.

І не будзеш ад смерці сваёй ты хавацца,
Бо ад смерці ніхто не схаваўся яшчэ.
Чорны лес тваім будзе бялюткім палацам,
А пасля і Варшава слязіны з вачэй

Патаемна змахне, калі ты з эшафота
Паглядзіш у нябёсы, дзе кружыць арол.
А яго і не бачаць багач і басота,
Бо ад він і ад брагі ламаецца стол.

Паглядзіш у нябёсы, што ў вочы Айчыны
І не ўспомніш нічога, яе акрамя,
І, як вечнасць, прад смерцю тваёю хвіліны--
Бог у вечнасць тваё зараз піша імя,

І яно застанецца, і будзе краіна,
Для якой ты не станеш ніколі чужым.
Над табой, нібы зніч, будзе ў восень рабіна
Асвятляць шлях дамоў праз вятры і дажджы…

20.07.2008