Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА СЯРГЕЯ ПАЛУЯНА

Яшчэ не ацэнена

(19.10.1890—24.04.1910)

Змяёй сціскае горла адзінота
І кожны дзень усё мацней, мацней
І так, што жыць на свеце не ахвота
Сярод самотных, як крыжы, людзей
У родным краі, што не мае волі.
Без волі знікне мова і народ,
Як і без мовы родны край ніколі
Краінаю не будзе... Чорны лёд
Пад сонцам растае, вадой сцякае
Па вуліцы, кудой дамоў ідзеш.
І прад табой вада, як залатая,
І, як са срэбра, прад табой капеж
Усё танчэйшы з кожным днём вясновым,
Нібыта вяроўка, на якой вісіць
Тваё жыццё. І ў творы ткуцца словы
Твае, якім і без цябе тут жыць
І дачакацца часу залатога
У Беларусі, для якой і ты
Праз сум да волі пракладаў дарогу,
Застаўшыся ў самоце маладым.

13.06.2010