Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА ЦЭЛЯСТЫНА ЦЭХАНОЎСКАГА

Яшчэ не ацэнена

(1835—10.01.1906)

Улада чужая сама не пакіне
Твой край, у якім ёй, як дома, жывецца.
І край твой ніколі не стане краінай,
Калі тут за волю крыві не пральецца.
І будзе паўстанне, рыхтуеш якое
І ты з Каліноўскім, што сніць перамогу,
Бо ваша змаганне за волю—святое
І вы не адны, а вас многа і многа,
Як зорак у небе, валошак у жыце,
Але і чужынцаў, як вошай, хапае,
Таму не спіце вы ў лясах— і не спіце,
Бо ўлада чужая не спіць, а страляе,
Хапае людзей, і цябе—не мінае.
Cуцеха— заместа расстрэлу – чужына,
Якая цябе забярэ назаўсёды
Ад любай матулі, каханай дзяўчыны,
Ад беднай, але ўсё ж ад роднай басоты,
Якая чужынцам не здасца дарэшты,
А будзе выходзіць у людзі, змагацца,
І хоць у Сібіры далёкай памрэш ты,
Але з Беларуссю табе не расстацца,
Як з верай у лепшае ты не расстаўся,
Калі ты за волю з чужынцам змагаўся
І быў галавой вальналюбнай Гародні,
Якая цябе, прыйдзе час, ды й успомніць...

А покуль завея сляды замятае,
А покуль трава на слядах вырастае...

6.06.2010