Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА ВІТАЛЯ СКАЛАБАНА

Сярэдняя: 5 (9 галасоў)

(5.08.1947—20.08.2011)

Ад Бога планіда— знаходзіць імёны і даты,
Як цэглу старую, з якой будаваўся наш Храм,
Які быў амаль што разбураны ў час той
пракляты,
Калі замест Храмаў турма будавалася нам.

І гэтай святою планідай ты жыў для Айчыны
І пылам, і попелам дыхаў, знаходзячы нам
Забытыя творы, нібыта ад Храма цагліны,
Каб чорнай турмой не зрабіўся ніколі
больш Храм.

І сонца ўзышло па-над вёскамі і гарадамі,
Як рыцарскі шчыт, за якім стаяў рыцарам ты
З усмешкаю светлай, як роднае неба, з
вачамі,
Дзе поўна, як зорак калючых, слязін
залатых

Па скарбах, якія не вернуцца ў нашыя хаты,
І што маладым аніколі не ўстаць з курганоў
Закончыць пачатыя справы, а іх жа багата
Было й засталося на шмат адраджэнскіх
гадоў,

Дзе слову твайму не згубіцца, а жыць для
Айчыны,
І іншай Айчыны для нас не было і няма,
Як гэта, дзе сумныя ў полі бярозы й рабіны,
Дзе лета кароткае й доўгая восень-зіма,

А ў сэрцах вясна, што дае нам надзею, як
маці,
Што здзейсняцца нашыя светлыя мары і сны,
І мы ўжо надзею і веру вякамі не трацім,
Жывём у змагарным чаканні сапраўднай
вясны.

І ты нечакана пакінуў наш свет, як ад ветру
Патухла найсветлая свечка каля абразоў
І ўміг загарэлася зноўку ад нашае веры
У Бога і край, дзе твая засталася любоў,

З якою заўсёды нам жыць, як ты жыў для
Айчыны
І пылам, і попелам дыхаў, знаходзячы нам
Забытыя творы, нібыта ад Храма цагліны,
Каб чорнай турмой не зрабіўся ніколі
больш Храм…

25.08.2011