Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

БАЛАДА ЯЎСТАФІЯ ТЫШКЕВІЧА

Яшчэ не ацэнена

(18.04.1814—8.09.1873)

Устаўшы рана, зноў зямлю капаеш,
Ды ў курганах сівых не клад шукаеш,
А—Беларусь, што тут была і будзе…

І дзівяцца з цябе, смяюцца людзі,
Бо ты хоць граф, ды нейкі незвычайны—
Палямі ходзіш, берагамі Гайны
І просіш песню праспяваць старую
Ці казку расказаць, і ўсё натуеш,
Збіраеш рэчы для свайго музея…

У Вільню з’едзеш і Лагойск сцішэе,
Нібыта думаць пра цябе ён стане.
А ў родным краі, як пажар, паўстанне
І твой музей—як для пажару вецер…

Яшчэ самотна жыць у гэтым свеце,
Бо твой сусед баіцца, што ты здольны
І без ягонай ласкі жыць прыстойна…

“Музей закрыць! Забараніць, бо шкодны!”—
Загад вышэйшы. І ты ў краі родным
Жывеш, нібы чужы, людзьмі забыты.
Ды сонца, як тваёй любові злітак,
Усходзіць над зямлёй, што ты капаў,
Дзе ў курганах сівых не клад шукаў,
А—Беларусь, якая ёсць і будзе…

18.04.2009