адзін напышлівы паэт
абурыўся аднойчы
падчас размовы
цімур, чаму вы лічыце, што
навакольныя жывуць няправільна
звярніцеся да псіхааналітыка
па дапамогу
я не даваў яму падставы так думаць, але
тое, што мяне сапраўды выварочвае
ад панылага існавання, якое
вядзе пераважная бальшыня
братоў і сясцёр маіх
бачна няўзброеным вокам
я насамрэч упэўнены
усе чалавечыя беды
праз тое, што людзі
жывуць няправільна
надта рана сталеюць
надта рана старэюць
надта шпарка ствараюць сем'і
і я ўвесь час, як мантру
паўтараю ў думках
выслоўе Букоўскі
да дваццаці пяці гадоў
большасць людзей
робіцца канчатковымі
ідыётамі
зірніце на некаторых – у трыццаць
гадоў пасівелыя скроні
трое дзяцей, тры работы
бясконцыя паломкі ў аўтамабілі
павышаны ціск і крэдытаў купа
але вось што я ўсвядоміў
ня іх у тым віна
яны проста выконваюць
эвалюцыйна накіраваную
праграму
яны безнадзейныя