Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Брамка

Сярэдняя: 4.6 (25 галасоў)
Неспадзявана старасць падышла.
А я сябе старым яшчэ не чую.
Як брамку,
                што сарвалася з шула,
паправіць долю ўласную хачу я.

Усё было. І блага. І дабро.
Што важыць больш?
                                 Рахунак наспявае.
А чорт настырна лезе пад рабро,
няўзнак яму,
                     што галава сівая.

Ах, маладосць!
                        Яна сышла,
                                           як госць.
З гурмой сяброў.
                           З бяздумнай весялосцю.
Чаўпецца ў брамку
                              векавая злосць.
Ды клямку
                не адкіну перад злосцю.

Хай дабрынёю поўніцца душа.
Хай дабрыня і ў сэрцы запануе.
Нібыта ўвосень яблыкі з каша,
спагаду ўсім пакутным прапаную.

Прад імі брамку я не зачыню.
Для іх мая сядзіба не пустая.
Хрыстос па свеце сеяў дабрыню.
Яна ўва мне нарэшце прарастае.

Неспадзявана старасць падышла.
Гады атрэсла. Як вятрыска ліпу.
А я прыладзіў брамку да шула,
каб шчыра адчынялася, без рыпу.